Аўстрыйскі лабіст Лукашэнкі - у цэнтры карупцыйнага скандалу
- 14.02.2012, 21:12
Парламент Аўстрыі вярнуўся да допыту сведак па справе аб грошах, якія перацякалі ад фірмы Telekom Austria у партыю BZÖ.
к паведамляюць выданні Die Presse і Der Standard, грошы перадаваліся былому віцэ-канцлеру і міністру камунікацый, старшыні гэтай партыі Губерту Горбаху.
Скандал у сувязі з афёрай пачаўся яшчэ ў мінулым годзе. Тады былі агучаныя звесткі пра тое, што Губерт Горбах, калі быў ва ўрадзе (2003-2006), правёў пэўную рэформу ў інтарэсах Telekom Austria, а за гэта фірма выплаціла яму пасля адстаўкі 264 тысячы еўра, перадае «Радыё Свабода».
Пазней у СМІ з'явіліся новыя падрабязнасці сувязі паміж Telekom і партыяй Горбаха - BZÖ. Па паведамленнях, толькі праз агенцтва Schmied GmbH «Альянсу за будучыню Аўстрыі» было пералічана каля мільёна еўра. Частка гэтых сродкаў пайшла на выбарчую кампанію сяброўкі BZÖ, міністра юстыцыі Карын Гасцінгер.
Да гэтага часу Горбах, Гасцінгер і іншыя фігуранты справы адмаўлялі сваё дачыненне да карупцыі. 15 лютага, як паведамляюць аўстрыйскія СМІ, павінен адбыцца допыт сакратара Губерта Горбаха.
Былога віцэ-канцлера Аўстрыі, кіраўніка BZÖ, а цяпер таксама кіраўніка фірмы «Gorbach Consulting» і кансультанта «Wintertechnik Engeneering» Губерта Горбаха аўстрыйскія журналісты ў апошні час усё часцей называюць партнёрам і лабістам беларускага рэжыму.
У 2004 годзе, неўзабаве пасля аплачанага аўстрыйскай бокам альпійскага адпачынку Аляксандра Лукашэнкі і яго атачэння, у Вене адбыліся перамовы паміж Горбахам і тагачасным беларускім прэм'ерам Сяргеем Сідорскім. Горбах выказаў цікавасць да магчымага ўдзелу Telekom Austria у беларускім тэндэры сярод аператараў мабільнай сувязі. Неўзабаве Telekom Austria набыў акцыі беларускага аператара «Velcom».
У снежні 2010 года Горбаха запрасілі як назіральніка і «ганаровую персону міжнароднай палітыкі» (па вызначэнні кіраўніка беларускага МЗС Сяргея Мартынава) на прэзідэнцкія выбары ў Беларусь. Даючы ім ацэнку, Горбах у інтэрв'ю беларускім і аўстрыйскім СМІ адзначыў, што выбары былі вольнымі, дэмакратычнымі і празрыстымі, а перамога Лукашэнкі - цалкам заслужанай.
Хоць Горбах больш не сябар урада і не палітык, адзначаюць аўстрыйскія журналісты, МЗС Аўстрыі нядаўна выдала яму дыпламатычны пашпарт.