Раман Якаўлеўскі: Менск упарта працягвае антыеўрапейскую палітыку
- 17.02.2012, 13:04
Любы кампраміс у Менску расцэньваецца толькі як слабасць апанента.
Такую думку карэспандэнту сайта «Товарищ.online» выказаў палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.
Еўрапарламент на паседжанні 16 лютага аднагалосна прыняў рэзалюцыю, якая асуджае смяротныя прысуды абвінавачаным у тэрарызме Канавалаву і Кавалёву і заклікае ўлады Беларусі да абвяшчэння мараторыя на смяротнае пакаранне.
Акрамя таго, у рэзалюцыі асуджаецца працяглы пераслед у Беларусі праваабаронцаў, актывістаў дэмакратычнай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і СМІ па палітычных матывах і ўтрымліваецца патрабаванне неадкладна вызваліць усіх палітвязняў.
«Заклік Еўрапарламента да мараторыя на смяротнае пакаранне для беларускіх уладаў не стаў навіной», - сказаў Раман Якаўлеўскі. - Але, як яшчэ неаднаразова адзначалі ў ПАРЕ, дзе таксама неаднаразова выказваліся з нагоды смяротнага пакарання, мараторый мог бы быць рэальным кампрамісам паміж Менскам і Еўропай на шляху нармалізацыі адносінаў».
Ён звяртае ўвагу на тое, што ў прынятым Еўрапарламентам дакуменце гаворка ідзе не толькі аб «менскіх тэрарыстах», але і аб палітычных зняволеных.
«Тое, што ў рэзалюцыі вымушаныя былі яшчэ раз нагадаць і пра палітвязняў, можа сведчыць толькі аб тым, што афіцыйны Менск упарта працягвае сваю антыеўрапейскую палітыку, у якой любы кампраміс расцэньваецца толькі як слабасць апанента», - падкрэсліў Раман Якаўлеўскі.
Застаецца толькі дадаць, што на сённяшні дзень Рэспубліка Беларусь - гэта адзіная ў Еўропе дзяржава, дзе захаваўся такі від пакарання, як смяротнае пакаранне.