За скрадзеныя ружы - чатыры гады калоніі
- 21.02.2012, 10:23
Непрацуючы менчук 1992 года нараджэння быў затрыманы міліцыяй за выкрадзеныя з кветкавага павільёна ААТ «ДОРОРС» ружы.
Прычым затрымалі яго зусім недалёка ад месца злачынства - у раёне чыгуначнага вакзала станцыі Менск-Пасажырскі.
Як паведамляе БелТА, малады чалавек выкраў 25 руж агульным коштам 475 тыс беларускіх рублёў. Кветкавы павільён знаходзіўся ў пераходным тунэлі чыгуначнага вакзала сталіцы. А злачынства менчук здзейсніў у стане алкагольнага ап'янення. Выкрадзенае канфіскавалі, а падазраванага адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання.
У дачыненні да яго распачатая крымінальная справа па частцы 2 артыкула 205 «Крадзёж» КК. Менчуку пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Дарэчы, раней ён ужо быў судзімы.