BE RU EN

Дыктатару не хапае грошай на прапаганду

  • 21.02.2012, 17:15

Пра тэндэнцыю скарачэння выдаткаў на беларускую ідэалогію пішуць польская Gazeta Wyborcza і чэшская Mladá fronta dnes.

У нас у гэтым годзе ў тры разы менш грошай, паведаміў Генадзь Давыдзька, кіраўнік Беларускай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, якой падпарадкоўваюцца чатыры дзясяткі тэле- і радыёстанцый, перадае «Радыё Свабода».

Тыраж дзяржаўнага выдання «Звязда» знізіўся да 30 тысяч асобнікаў.

Аналагічныя праблемы адчуваюць і іншыя дзяржаўныя выданні. Кіраўнік ідэалагічнага аддзела Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч паведаміў на прэс-канферэнцыі, што ўсе выданні вобласці будуць зараз выходзіць толькі раз на тыдзень.

Па словах Давыдзькі адна з прычын дрэннай фінансавай сітуацыі, у прыватнасці, у канцэрне пад ягоным кіраўніцтвам - палітыка Еўразвяза. «Брусэль забараніў еўрапейскім фірмам даваць нам рэкламу. У Еўразвязе няма такой дэмакратыі, як у Беларусі, там існуе жорсткі кантроль за кожнай фірмай», - заявіў Давыдзька.

На думку прадстаўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, фінансавыя праблемы беларускіх СМІ - вытворная ад эканамічнага крызісу, які пануе ў краіне. Ён падкрэсліў, што дзяржаўныя выданні і раней не залежалі ад прыбыткаў ад продажу і рэкламы, іх падтрымлівала дзяржава. Але цяпер магчымасці такой падтрымкі зменшыліся.

Апошнія навіны