МЗС назваў візіт польскіх дэпутатаў «канспіратыўным»
- 22.02.2012, 11:13
Групу дэпутатаў польскага Сэйму не пусцілі на тэрыторыю Беларусі, бо іх візіт не быў узгоднены з уладамі рэспублікі.
Пра гэта сказана ў каментары беларускага МЗС, які прысвечаны інцыдэнту на памежным пераходзе «Брузгі». Ён меў месца ў аўторак, 21 лютага.
Некалькіх дэпутатаў, сябраў камісіі па сувязях з палякамі замежжа, спынілі памежнікі, нягледзячы на тое, што ў іх былі дыпламатычныя пашпарты. Як заявіў старшыня камісіі Адам Ліпіньскі, парламентарыі накіроўваліся ў Гродна, каб сустрэцца з кіраўніцтвам Саюза палякаў Беларусі. Яны хацелі абмеркаваць новыя папраўкі ў заканадаўства рэспублікі, паводле якіх грамадскім арганізацыям забаронена атрымліваць фінансаванне з-за мяжы і захоўваць грошы на замежных рахунках (па дадзеных СМІ, парламент Беларусі ўхваліў гэтыя папраўкі ў кастрычніку 2011 года).
«Памежнікі паставілі нам штампы з забаронай на ўезд. Ніякіх тлумачэнняў нам не далі», - паведаміў Ліпіньскі.
Як заявіла намесніца начальніка ўпраўлення інфармацыі МЗС Беларусі Марыя Ваньшына, польскія парламентарыі запланавалі свой прыезд у рэспубліку, грэбуючы не толькі узаемадзеяннем са сваімі беларускімі калегамі, але і «якім-небудзь папярэднім апавяшчэннем беларускага боку наогул». Візіт палякаў Ваньшына назвала «канспіратыўным», дадаўшы, што ён топча прынцыпы ўзаемнага даверу, адкрытасці і добрасуседства.
У польскім МЗС выказалі расчараванне ў сувязі з гэта сітуацыяй. «Гэта нядзіўна для дзяржавы, у якой адсутнічаюць дэмакратычныя традыцыі», - заявіла кіраўнік прэс-службы знешнепалітычнага ведамства Паўліна Капушчыньская.