Замежныя журналісты, якія пішуць пра Беларусь, уганараваныя ў Варшаве (Фота)
- 22.02.2012, 14:16
Уганараваннем пераможцаў міжнароднага конкурса для журналістаў “Беларусь у Фокусе” завяршылася двухдзённая сустрэча журналістаў, якія пішуць пра Беларусь
Пачатак цырымоніі ўзнагароджання. На фота – Ярослав Влодарчык [Jarosław Włodarczyk] (Прэсс Клуб Польшча), Олівер Мані-Кёлі [Oliver Money-Kyrle] (сябра журы), Юлія Слуцкая (Інфармацыйнае Бюро Салідарнсці з Беларуссю, Варшава, сябра журы)
У конкурсе бралі ўдзел як прафесійныя, так і грамадзянскія журналісты з усяго свету (было даслана каля 50 артыкулаў), якія ў сваіх артыкулах закранаюць тэму зменаў у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. Да разгляду журы (дарэчы, таксама міжнароднага) прымаліся артыкулы, апублікаваныя ў міжнароднай прэсе, - такім чынам, паводле Юліі Слуцкай, “дадаткова заахвочвалася зацікаўленне міжнароднымі журналістамі беларускай тэматыкай і прыцягвала ўвагу міжнароднай супольнасці да надзённых праблемаў Беларусі.
Пераможцы былі абраныя ў дзвюх намінацыях – “Грамадзянская журналістыка” і “Прафесійная журналістыка”. Так, першае месца ў намінацыі “Прафесійная журналістыка атрымаў Сэм Найт [Sam Knight] (Вялікабрытанія, Harper’s) за артыкул, надрукаваны ў Harper’s Sam Knight: Inside the Snow Globe .
Сэм Найт
Сэм Найт распавёў сярод іншага, якім чынам ён “прыйшоў” да беларускай тэматыкі: “Я адкрыў для сябе Беларусь ў 2007 годзе, калі пазнаёміўся са святаром у Лондане – айцом Надсанам, у якога ёсць невялікая бібліятэка і ён працаваў з ахвярамі чарнобыльскай катастрофы 1986 г. Айцец Надсан распавёў мне пра школу ў Мінску, якая называлася Ліцей імя Якуба Коласа, якую зачынілі ўлады і вучні якой збіраліся ў кватэрах. Я быў зачараваны гэтым. Я нічога не ведаў пра Мінск і Беларусь, а тады вырашыў паехаць туды і наведаць гэтую школу, каб напісаць пра яе артыкул для Таймс, дзе я тады працаваў”.
Лаўрэатамі другога і трэцяга месца сталі Шон Ўокер [Shaun Walker] (Вялікабрытанія, Independent) Shaun Walker: Theatre’s act of defiance in Europe’s last dictatorship і Полёна Фрэліх [Polonca Frelih] (Славенія, Delo) Polona Frelih: Like Fish in an Aquarium that can Sense the Sea
Шон Ўокер
Брытанскі журналіст Шон Ўокер адзначыў: “Лёгка быць цынічным і казаць пра праблемы журналістаў такіх, як я і мае сябры, якія хвалююцца пра такія рэчы, як скарочаныя рэдактарамі матэрыялы і як атрымаць візу, акрэдытацыю ці як даехаць. Усё гэта нязначныя рэчы ў параўнанні з праблемамі нашых калег з Беларусі, а таксама Расіі, Каўказа, дзе вельмі складана працаваць. Усё гэта прымушае нас перастаць цынічна размаўляць пра журналістык, а – прыгадаць, чаму гэтая прафесія важная”.
Полёна Фрэліх атрымлівае ўзнагароду
Полёна выказала ўдзячнасць сваім беларускім сябрам, якія дапамагалі ёй збіраць інфармацыю, што калі б не яны, яна ніколі б зноў не прыехала ў Беларусь: “Пасля зносінаў з імі я магу сказаць, я ўпэўненая, што маладая генерацыя – гэта сапраўднае багацце Беларусі”.
У намінацыі Грамадзянская журналістыка пераможцамі былі названыя Анхела Эспіноса Руіс [Angela Espinosa Ruiz] (Гішпанія) Angela Espinosa Ruiz: Spain-Belarus. Contrast of Concerns – першае месца, Брэндан МакКол [Brendan McCall] (ЗША) Brendan McCall: When Theatre is “Thoughtcrime” – другое месца і Кірыл Касцян [Kiryl Kascian] (Беларусь) Kiryl Kascian: Assisting a Little-known Nation – трэцяе месца.
Брэндан МакКол адзначыў, што як артыст тэатра і выкладчык ён лічыць несправядлівымі любыя абмежаванні свабоднага слова: “Адзін пісьменнік, якога я вельмі люблю, сказаў – усе маюць значэнне або ніхто не мае значэння, і я сапраўды веру, што Беларусь і яе людзі маюць значэнне. І калі я, як пісьменнік ці як тэатральны дзеяч магу штосьці зрабіць для іх, гэта для мяне вялікі гонар”.
Брэндан МакКол атрымлівае ўзнагароду
Самая маладая з пераможцаў конкурса – 19-гадовая Анхела Эспіноса – сваю прамову падрыхтавала па-беларуску: “Гэтую прэмію трэба даваць не мне, а майму сябру – вялікаму беларускаму народу. Яе заслугоўвае кожны беларус, які, нягледзячы ні на што, захоўвае свабоду душы. Народ, які жадае жыць спакойна і самастойна. Народ, які змагаўся (і пакуль працягвае змагацца) за сваю мову, за сваю культуру, нават за сваё імя, пры гэтым ніколі не апускаючы рук. Народ, які кожны дзень вучыць нас усіх смеласці, надзеі і волі. Народ, у якога засталося яшчэ шмат працы. Жыве Беларусь!”
Анхела Эспіноса Руіс
Конкурс Belarus in Focus арганізаваны Solidarity with Belarus Information Office, які знаходзіцца ў Варшаве, пры падтрымцы Press Club Polska. Галоўным спонсарам выступіў Nordic Council of Ministers. Інфармацыйныя партнёры конкурса – Беларуская асацыяцыя журналістаў (Мінск), Civil Belarus (Прага), German Marshall Fund (офіс у Берліне), House for United Belarus (Вільня) і Office for a Democratic Belarus (Брусель).
Юлія Слуцкая адзначыла: “Па выніках конкурса будзе выдадзеная дзвюхмоўная кніга – на беларускай і англійскай мовах, - куды ўвойдуць лепшыя артыкулы з дасланых на конкурс (на думку журы). Але пакуль што мы запрасілі пераможцаў у Варшаву, дзе яны сустрэліся з беларускімі журналістамі, якія таксама прыехалі на гэтае мерапрыемства. Мы размаўлялі пра сітуацыю з мас-мэдыя на Беларусі, пра працу журналістаў у Беларсі, пра тое, што рабіць далей. Гэта быў вельмі цікавы досвед”.
Беларускія журналісты распавялі сваім калегам з міжнароднай прэсы пра эканамічныя, палітычныя ўмовы Беларусі, пра стан сродкаў масавай інфармацыі ў краіне, пра рэлігійны ландшафт краіны і рэлігійныя свабоды ў Беларусі, а таксама далі свой прагноз развіцця краіны ў бягучым годзе. Асобная ўвага надавалася асаблівасцям працы журналістаў у Беларусі, праблеме доступу да інфармацыі, а таксама працэсу вядзення рэпартажу з месца падзеяў
Міхал Потоцкі, польскі журналіст, які стала піша пра Беларусь, адзначыў, што вельмі задаволены вынікамі сустрэчы і мае ўжо задумы некалькіх артыкулаў на тэмы, якія абазначыліся падчас дыскусіяў, што таксама дазволіць яму выйсці за звыклыя схемы распрацоўкі беларускай праблематыкі ў польскай прэсе.
Міхал Потоцкі [Michał Potocki]
Міхал Потоцкі, польскі журналіст, спецыяльна адзначаны журы, яго
Адным з карысных вынікаў двухдзённай сустрэчы была і мажлівасць для журналістаў завязаць непасрэдныя кантакты і прафесійныя знаёмствы. Інтэграцыя была нават трохбаковай – з аднаго боку, міжнародныя журналісты-пераможцы, з другога боку – журналісты з Беларусі, з трэцяга – прадстаўнікі варшаўскіх медыяў, якія “працуюць на Беларусь”.
Удзельнікі сустрэчы ў Варшаве – госці Белсата
Полёна ў студыі Белсата, бярэ ўдзел ў “Гарачым каментары”
Кантактам і інтэграцыі спрыялі як візіты на Белсат і Еўрарадыё, дзе ўдзельнікі сустрэчы пазнаёміліся з умовамі працы рэдакцыяў, а таксама далі свае каментары і інтэрв’ю, а таксама традыцыйная ўжо сустрэча Прэс Клубу Беларусь, на якую былі запрошаныя ўсе беларускія журналісты Варшавы, а таксама польскія журналісты, што пішуць пра нашу краніу.