Генадзь Фядыніч: «Мяне распранулі да ніжняй бялізны»
- 22.02.2012, 12:57
Мытнікі, якія здзяйснялі дагляд Генадзя Фядыніча, не знайшлі нічога забароненага.
Чатыры гадзіны доўжыўся дагляд старшыні прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча, ягонай жонкі і жанчыны, якая ехала з імі. Нічога забароненага ў прафсаюзнага лідэра і ягоных спадарожніц знойдзена не было, паведамляе praca-by.info.
Нагадаем, 21 лютага каля 21.00 на памежным пераходзе «Гудагай» беларускія памежнікі знялі з цягніка старшыню прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча.
Прафсаюзнага лідэра і ягоных спадарожніц папрасілі запоўніць мытную дэкларацыю і правялі дбайны асабісты дагляд. Нічога забароненага знойдзена не было.
- Вельмі непрыемная гісторыя, - распавёў Генадзь Фядыніч. - І мяне, і жанчын распранулі да ніжняй бялізны. Нічога, вядома, не знайшлі. Тым не менш, нават не папрасілі прабачэння. Адпусцілі толькі ў гадзіну ночы. Прыйшлося дабірацца да Менска на перакладных.
На думку прафсаюзнага лідэра, тое, што здарылася, сведчыць аб пільнай увазе з боку спецслужбаў.
- Зразумела, што яны па прозвішчах на квітках адсочваюць мае перамяшчэнні. Мытнікі, безумоўна, выконвалі нечае распараджэнне. Такі пільны дагляд рэдка ладзяць.