Мясніковіч паляцеў на адпачынак у Дубай
- 22.02.2012, 15:59
Прэм'ер РБ Міхаіл Мясніковіч ладна адпачывае ў кампаніі арабскіх шэйхаў.
Прэм'ер РБ на ўласным прыкладзе дэманструе падначаленым і краіне ўзор самаадданай любові да радзімы і яе прагназуемага, калі-небудзь, росквіту. Свой адпачынак Мясніковіч праводзіць у Дубаі ў кампаніі слаўных арабскіх шэйхаў, піша АФН.
З нагоды прыезду гэтак важнага турыста кіраўнік эмірата Дубай 21 лютага ў сваім палацы зладзіў вечарыну, на якую прыехалі прэм'ер-міністр, віцэ-прэзідэнт і міністр абароны Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, наследны прынц Дубая, кіраўнікі шэрагу федэральных міністэрстваў ААЭ, сябры ўрада эмірата Дубай, кіраўніцтва паліцыі Дубая, а таксама, што немалаважна, вядучыя бізнесмэны ААЭ.
Спалучаючы прыемнае з карысным Мясніковіч правёў перамовы, а таксама прачытаў прымаючаму боку лекцыю аб стабілізацыі эканамічнай сітуацыі ў сінявокай, і нават зразумела з якой мэтай.
«Асобна абмеркаваная тэматыка прыватызацыйных працэсаў, да ўдзелу ў якіх былі запрошаны бізнесмэны ААЭ. Падкрэслена, што Беларусь зацікаўленая ў стратэгічных інвестарах і надзейных партнёрах, у асобе якіх можа выступіць эмірацкі бізнес», - паведамляе прэс-служба Саўміна РБ.
Аднак жаданне прэм'ера правесці адпачынак у ААЭ было абумоўленае не толькі эканамічнай цікавасцю. Знаходзячыся ў цэнтры арабскага свету ў якасці турыста, Мясніковічу будзе значна прасцей правесці кансультацыі па такім пытанні як магчымая карэкцыя знешнепалітычнага курсу Беларусі па стаўленні да сваіх стратэгічных партнёраў у гэтым рэгіёне - Ірану і Сірыі - у святле магчымага абвастрэння сітуацыі вакол гэтых краін.