BE RU EN

У Віцебску дзіця праваліўся ў люк з ледзяной вадой

  • 23.02.2012, 15:24

Няшчасны выпадак адбыўся ў двух кроках ад тратуара на вуліцы Петруся Броўкі.

Дзіця выратавалі, але люк стаяў адкрытым яшчэ некалькі дзён, піша «Народная воля».

Аб абуральнай безгаспадарнасці гарадскіх камунальных службаў стала вядома з аповеда маці хлопчыка Галіны Лявонавай. Яна напісала ліст у рэдакцыю гарадской газеты «Віцьбічы», каб падзякаваць выпадковым мінакам, якія дапамаглі ёй выратаваць дзіця.

Хлопчык сярод белага дня - а здарылася гэта ў 5 гадзін дня 17 лютага - праваліўся ў адкрыты люк з вадой. Ён быў занесены снегам і таму непрыкметны для мінакоў. Хоць калодзеж быў і неглыбокі, але ледзяная вада даходзіла 5-гадоваму дзіцяці да падбародка. Самастойна выцягнуць яго маці не магла і невядома, чым бы скончылася гэтая гісторыя, калі б не мінакі, якія з дапамогай падручных сродкаў дасталі Арцёма з люка.

У знак падзякі Галіна Лявонава і напісала ліст у гарадскую газету. Назвала нават некалькі прозвішчаў ратавальнікаў. Сярод іх, дарэчы, апынуліся і прадстаўнікі ўлады - міліцыянт-кінолаг і супрацоўнікі патрульна-паставой службы, якія, дарэчы, аператыўна даставілі дзіця ў абласную клінічную лякарню.

Але што здзіўляе. Страшная гісторыя засталася незаўважанай тымі, хто па абавязку службы адразу ж павінен быў на яе прарэагаваць. «Вельмі хацелася б верыць, што гэты выпадак быў бы апошнім у нашым горадзе, але, на жаль, праз ужо 4 дні гэты люк застаецца ўсё такім жа адкрытым, неабгароджаным і таксама зацярушаным снегам», - скончыла свой ліст у рэдакцыю Галіна Лявонава.

Апошнія навіны