Рыгору Барадуліну - 77 гадоў
- 24.02.2012, 10:34
24 лютага народны паэт Рыгор Барадулін святкуе 77-годдзе.
За свае 77 гадоў Барадулін выдаў больш за семдзесят зборнікаў паэзіі і стаў апошнім беларусам, які атрымаў званне Народнага паэта. Барадулін працягвае пісаць.
«Я вельмі залежу ад надвор'я, таму са здароўем у мяне не вельмі добра. І калі ў мяне нешта пішацца, тады я адчуваю сябе лепш, таму імкнуся пісаць. Я намагаюся нагнаць час - напісаць тое, што не напісаў раней. Адчуваю сябе як пераспелы сланечнік - трэба яшчэ шмат напісаць, а часу засталося няшмат», - сказаў Рыгор Барадулін «Нашай Ніве».
«Для мяне відавочна, што Рыгор як ніхто адчувае прыгажосць, шматзначнасць, гнуткасць беларускага слова і вельмі натуральна карыстаецца ім, - кажа Генадзь Бураўкін. - Не ў крыўду нашым класікам, але мне падаецца, што ніхто так не раскрыў беларускую мову, як гэта робіць Барадулін, тут роўных яму няма. Менавіта так нацыя павінная адчуваць сваю мову, як гэта робіць Барадулін.
Мы так даўно сябруем, што я проста не магу казаць пра яго аб'ектыўна. Ён вельмі парывісты чалавек, у яго абвостранае ўспрыманне жыцця, але пры гэтым ён вельмі добры. Я ведаю, што некаторыя крыўдзяцца на Рыгора за ягоныя эпіграмы, але напісаныя яны не ад злосці, ён проста хоча, каб усе людзі былі чыстымі, шчырымі, і, што хачу падкрэсліць, вельмі беларускімі.
Мы пазнаёміліся, калі паступалі на філфак: ён на філалогію, а я - на журналістыку. Тады як раз друкаваліся нашыя першыя вершы, таму адзін пра аднаго мы ведалі яшчэ да знаёмства.
А яшчэ ў нас вельмі падобныя мамы, і мне падаецца, што менавіта іхняе падабенства дапамагло нам з Рыгорам стаць сябрамі на ўсё жыццё».