BE RU EN

Беларускія клюшкі для вялікага хакею не падыходзяць

  • 28.02.2012, 13:09

Беларусь не будзе займацца кустарнай вытворчасцю хакейнай экіпіроўкі.

Аб гэтым паведаміў сёння падчас онлайн-канферэнцыі на сайце БелТА старшыня Федэрацыі хакея Беларусі (ФХБ) Яўген Ворсін, перадае БелаПАН.

Па ягоных словах, сёння, калі ў свеце ўжо выяўленыя прызнаныя лідэры ў гэтай справе, якія займаюцца вытворчасцю насамрэч якаснага тавару, няма сэнсу займацца кустарнасцю.

«Калі гаворка ідзе аб гульні на высокім узроўні, мы павінныя разумець, што ўжо не гуляюць драўлянымі клюшкамі, а выкарыстоўваюць пластыкавыя, таксама выкарыстоўваецца інвентар самай высокай якасці, таму як інакш казаць пра нейкае майстэрства проста не варта», - адзначыў Яўген Ворсін. І сёння ў крамах дастатковы асартымент неабходнага інвентара. «Іншая справа - высокія кошты, але хакейная экіпіроўка насамрэч дорага каштуе», - рэзюмаваў старшыня ФХБ.

Яўген Ворсін таксама распавёў, што тым не менш у Магілёве і Наваполацку створаная эксперыментальная вытворчасць хакейных клюшак. «Мы мяркуем, што для дзетак малодшага ўзросту мы цалкам можам выкарыстаць гэтыя клюшкі. Аднак для больш высокага ўзроўню трэба закупляць прафесійны інвентар», - патлумачыў ён.

Апошнія навіны