BE RU EN

Беларускія «піраты»: Пры гэтай уладзе нам нават нецікава рэгістравацца

  • 7.02.2012, 11:08

Прадстаўнік беларускіх «піратаў» распавёў, што не задавальняе «піратаў» Беларусі і чаму яны не такія актыўныя, як «піраты» у Польшчы ці Латвіі.

«Еўрарадыё» ўзяло інтэрв'ю ў беларускага «пірата» Андрэя.

- Паводле азначэння ў Інтэрнэце, мэтай «пірацкай» партыі з'яўляецца рэформа заканадаўства ў галіне інтэлектуальнай уласнасці патэнтаў і капірайтаў. Беларуская партыя «піратаў» - гэта палітычная партыя?

- Мы - ініцыятыўная група па стварэнні палітычнай партыі, або кібер-супольнасць, якая займаецца прапагандай правядзення рэфармацыі права ў галіне інтэлектуальнай уласнасці і іншых аспектаў.

- «Піраты» баяцца крымінальнага пераследу?

- Так, баяцца.

- Ці шмат «піратаў» у Беларусі? Ці дастатковая вас колькасць для таго, каб абурацца або выказваць сваё меркаванне на вялікую аўдыторыю?

- Актывістаў - некалькі чалавек, гэта карыстальнікі Інтэрнэту, якіх не задавальняюць дзве рэчы. Па-першае, гэта стан Байнэту на дадзены момант, і па-другое, адсутнасць «пірацкай» партыі ў Беларусі.

- Можа, проста няма такой праблемы, якая магла б сабраць людзей разам?

- У беларускім заканадаўстве пакуль яшчэ няма адпаведных норм. У польскім Акце ўводзіцца крымінальная адказнасць за сцягванне файла, правы на які належаць іншым людзям. Атрымліваецца, што кожны, хто карыстаецца торэнтамі або глядзіць відэа ў сацыяльных сетках, трапляе пад крымінальную адказнасць.Таму там адразу была грамадзянская актыўнасць і ў Польшчы прыпынілі прыняцце Акту. А ў Латвіі адпаведны акт прынялі практычна таемна.

- А што вас не задавальняе ў Байнэце?

- Беларускіх карыстальнікаў не задавальняюць суадносіны кошту і хуткасці Інтэрнэту, суадносіны кошту Інтэрнэту і ўзроўню жыцця. У параўнанні з іншымі краінамі Інтэрнэт, можа, і не вельмі дарагі, але для нашых заробкаў, асабліва для студэнцкіх стыпендый, ён дарагі.

- Ці ёсць перспектывы ў вашай партыі ў Беларусі? Што вы плануеце рабіць?

- Калі мы прыцягнем яшчэ хаця б некалькі актыўных чалавек, сярод якіх нядрэнна было б знайсці вэб-дызайнера, каб ад блога перайсці да больш сур'ёзнага сайту - можа быць, гэта стала б голасам пірацкага інтэрнацыяналу ў Беларусі. Незразумела, як будзе развівацца палітычная сітуацыя ў Беларусі, ёсць меркаванне, што патрэбная канструктыўная апазіцыя. Вядома, калі спросціцца заканадаўства па рэгістрацыі грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый, можа, тады мы паставім мэта зарэгістравацца. У тым выглядзе, у якім зараз улады хочуць бачыць палітычныя партыі, нам нават нецікава гэтым займацца. Мы будзем займацца ў сеціве агітацыяй, прапагандай, сацыяльнай рэкламай «пірацкіх» ідэй. Але ўсё роўна мы сіала закранаем палітычныя пытанні. З аўтарскіх правоў пачыналіся «пірацкія» рухі, але потым развіваліся ў бок адкрытасці дзяржавы, ад прадстаўнічай дэмакратыі да прамой. Інтэрнэт сёння дазваляе грамадзяніну самастойна прымаць рашэнні, удзельнічаць у заканатворчасці. І гэта адзін з ідэалаў «пірацкага» руху. Безумоўна, мы хацелі б быць адкрытай палітычнай партыяй.

- Што вы робіце зараз?

- Зараз здымаем шэраг ролікаў. Мы сустракаемся з піратамі іншых краін, усталёўваем асабістыя кантакты. Пірацкі рух крыху карнавальны, таму мы назапашваем цяльняшкі, павязкі на вока, можа, і папугая завядзем.

Апошнія навіны