Міністр фінансаў: Беларусь укіне ў эканоміку Br18,5 трыльёнаў
- 7.02.2012, 15:01
Міністр фінансаў А.Харкавец сёння вырашыў узмацніць ступень інфляцыйна-дэвальвацыйных чаканняў у краіне.
Ён у чарговы раз нагадаў аб той суме грошай, якія ўлады краіны маюць намер укінуць у эканоміку па празрыстых схемах дзяржпадтрымкі, піша АФН.
«Для крэдытавання найважных дзяржпраграм у 2012 годзе плануецца накіраваць Br18,5 трлн. Гэты аб'ём будзе забяспечаны за кошт раней назапашаных сродкаў ўрада - Br7 трлн., астатнія - сродкі банкаў, у тым ліку зваротныя рэсурсы», - сказаў Харкавец.
З названай сумы на праграму абсталявання тэхнікай будзе выдаткавана Br2 трлн., закупку ўраджаю 2012 года - Br2,7 трлн., праграму развіцця малочнай галіны - Br2,7 трлн., на закупку гаруча-змазачных матэрыялаў - Br16 трлн., на крэдытаванне жылля - Br7,5 трлн.
Харкавец удакладніў, што ва ўладаў не хапае яшчэ Br3 трлн.
«Але гэтая сума не такая крытычная, яе можна будзе адшукаць (дадрукаваць) за кошт недзяржаўных рэсурсаў, у тым ліку камерцыйных банкаў і на замежных рынках», - спадзяецца міністр.
Замкнёнае кола Харкаўца
«У бліжэйшы час будуць створаныя дадатковыя ільготныя ўмовы для самастойнага пошуку рэсурсаў прадпрыемстваў на фінансавым рынку», - паведаміў міністр.
Па ягоных словах, ад кіраўнікоў міністэрстваў, рэгіёнаў, дырэктарскага корпуса патрабуецца толькі распрацоўка эфектыўных бізнес-праектаў, якія хутка акупяцца.
«Але зараз іх (праектаў) амаль няма», - канстатаваў Харкавец і адзначыў, што большасць міністэрстваў і мясцовыя ўлады спрабуюць забяспечыць рост за кошт экстэнсіўнага пашырэння ўжо прынятых дзяржпраграм.
Няма праектаў - няма грошай. Але без грошай праекты не намалюеш. А няма праектаў - няма грошай...