BE RU EN

Будзем хадзіць п'яныя і дурныя?

  • 7.02.2012, 16:30

Узяліся за навуку: У 2011 годзе доктарскія дысертацыі абаранілі толькі 47 навукоўцаў.

Лукашэнка зноў загаварыў пра карэнную мадэрнізацыі навуковай сферы і заявіў аб тым, што «неабходна сур'ёзна задумацца над тым, ці патрэбна краіне грувасткая і такая шматпрофільная Акадэмія навук», піша «Народная Воля».

Прычым на гэты раз крытыка ў адрас навукоўцаў гучала падчас цырымоніі ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым і навукова-педагагічным працаўнікам.

Гаворачы аб тым, што ў Беларусі зламана нямала дзід з-за уведзеных па ягоным даручэнні прынцыповых падыходаў да ацэнкі дысертацый, Лукашэнка падкрэсліў: «Жыццё даказала нашую правату. Высокія патрабаванні дзяржавы да атэстацыі навуковых кадраў апраўдалі сябе. Тэматыка доктарскіх дысертацый ўсё больш змяняецца ў бок практычнай значнасці, з'яўляюцца працы сусветнага ўзроўню».

Але што цікава, калі такімі тэмпамі ў краіне будзе скарачацца колькасць навукоўцаў, гатовых займацца навукай і пісаць працы сусветнага ўзроўню, Аляксандру Лукашэнку хутка не будзе каму ўручаць дыпломы дактароў навук.

Судзіце самі. Беларуская навука сёння - гэта 25 галін, кожная з якіх уключае не менш за дзесяць, а некаторыя і да дваццаці спецыяльнасцяў. І ў мінулым годзе толькі 47 навукоўцаў абаранілі доктарскія дысертацыі, у 2010 годзе - 45, у 2009 - 51. Для параўнання, у 2005 годзе Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй было прысуджана 116 ступеняў доктара навук.

Акадэмік Аляксандр Вайтовіч лічыць, што такое падзенне зацікаўленасці ў атрыманні навуковай ступені доктара навук - гэта сведчанне кадравага крызісу ў навуцы.

- Гэта перш за ўсё пытанне падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі ў навуцы, дэфіцыт якіх ужо назіраецца, - падкрэслівае Аляксандр Вайтовіч. - Ёсць цэлыя навуковыя ўстановы, са сценаў якіх на працягу 5-7 гадоў не выходзіла ні аднаго доктара навук.

Калі яшчэ некалькі гадоў у навуцы захаваецца такая тэндэнцыя, лічыць навуковец, некаторыя навуковыя спецыяльнасці могуць наогул застацца без кваліфікаваных кадраў.

Дарэчы, у 2000 годзе колькасць дактароў, якія працавалі ў арганізацыях і якія займаліся навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі, складала 819, а ў 2010-м - ужо 748.

Апошнія навіны