Леанід Заіка: «У беларускіх экспартных прадуктах 10% нашага бюджэту»
- 1.03.2012, 13:35
Беларускі эканаміст Леанід Заіка лічыць, што забарона ўвозу ва Украіну беларускага мяса і малака не нанясе сур'ёзнай шкоды эканоміцы.
«Пастаўкі мяса і малака ва Украіну - гэта невялікія аб'ёмы. І забарона на іх увоз ва Украіну практычна не акажа сур'ёзнага ўздзеяння на імпартна-экспартны баланс. Бо найбольш істотныя пастаўкі ва Украіну прыпадаюць на нафтапрадукты, беларускі бензін», - сказаў Леанід Заіка ў інтэрв'ю charter97.org.
«А што тычыцца харчавання, Украіна часта падазрае Беларусь у дэмпінгу. Сярод нашых «братэрскіх» адносінаў ёсць дзіўныя рэчы: Украіна падазравала нас у дэмпінгу руберойда, беларускіх запалак і штучнага футра. Запалкі, напэўна, сур'ёзную эканамічную шкоду нанеслі эканоміцы Украіны. І, разам з запалкамі і руберойдам, забарона на ўвоз мяса і малака выглядае нават лагічна», - працягвае эксперт.
Між тым, кошты на беларускія экспартныя тавары заніжаныя, на шкоду нашай эканоміцы.
«Калі ўкраінскі палітык есць беларускае мяса, у гэтым мясе 10% беларускага бюджэту. Трэба разбірацца, чаму мы субсідуем украінцаў», - заўважыў Леанід Заіка.
Нагадаем, З 1 сакавіка забаронены ўвоз на тэрыторыю Украіны мяса і малочных прадуктаў з Беларусі з-за пагрозы афрыканскай чумы.