Яшчэ адзін еўрапейскі лабіст дыктатара?
- 12.03.2012, 16:14
Старшыня Ганзейскага парламента Германіі Юрген Хогефорстэр лічыць, што ЕЗ павінен развіваць супрацоўніцтва з беларускім рэжымам.
Аб гэтым ён заявіў сёння журналістам, паведамляе БелТА.
«Калі бакі прытрымліваюцца розных пунктаў гледжання ў адносінах да дэмакратыі, то яны павінныя размаўляць адзін з адным, больш інтэнсіўна развіваць супрацоўніцтва, а не ўжываць санкцыі і караць. Бо такім чынам перарываюцца кантакты», - лічыць Юрген Хогефорстэр. У якасці прыкладу паспяховага прымірэння дзвюх краін шляхам дыялогу старшыня Ганзейскага парламента прывёў аднаўленне сяброўскіх адносінаў Германіі і Францыі пасля Другой Сусветнай вайны.
Гаворачы аб сумеснай працы Ганзейскага парламента і Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, Юрген Хогефорстэр адзначыў, што «складанае палітычнае надвор'е паміж Беларуссю і ЕЗ не перашкодзіць супрацоўніцтву дзвюх арганізацый».
Ганзейскі парламент - гэта грамадзянска-прававое аб'яднанне, утворанае ў верасні 2004 года. З'яўляецца некамерцыйнай арганізацыяй з рэзідэнцыяй у Гамбургу і аб'ядноўвае ўрадавыя і грамадскія арганізацыі, гандлёва-прамысловыя і рамесныя палаты краін Еўразвяза. Аб'яднанне прадстаўляе інтарэсы прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу.
Юрген Хогефорстэр часта наведвае беларускую сталіцу.