Настаўнікі будуць пісаць даносы на сваіх вучняў (Фота дакумента)
- 13.03.2012, 13:53
Наваполацкая міліцыя абвясціла паляванне на навучэнцаў, якія малююць у сшытках коміксы.
Ва ўсе інстытуты і школы горада разасланыя інструкцыі аб тым, як адсочваць нядобранадзейных дзяцей, паведамляе сайт кампаніі «Гавары Праўду». Напэўна, гэтая практыка перакінецца і на іншыя гарады краіны. Пачынаецца татальнае паляванне на беларускіх дзяцей.
Міліцыянты распрацавалі анкету, якую павінныя запаўняць выкладчыкі і перадаваць у органы ўнутраных спраў.
«З мэтай своечасовага выяўлення асоб, якія ўваходзяць у нефармальныя моладзевыя групы, у тым ліку агрэсіўнай скіраванасці, неабходна выявіць навучэнцаў, якія ўваходзяць у іх (эма, готы, антыфа і інш)», - сказана ў загадзе. Дзеля гэта прапануецца высветліць усе звычкі студэнтаў і вучняў, «звяртаючы ўвагу на знешні выгляд, схільнасць малявання на сценах, партах, у сшытках».
Асаблівую ўвагу трэба звяртаць на асоб, «якія выказваюць скінхэдаўскія погляды», а таксама на спартовых фанатаў і «фанатаў розных музычных напрамкаў».
Міліцыянты патрабуюць пры сачэнні за вучнямі «выключыць фармальны падыход».