Беларусы панеслі грошы ў банкі
- 14.03.2012, 13:03
У Беларусі ўклады насельніцтва ў нацвалюце на 1 сакавіка 2012 г. склалі Br16,69 трлн, то бок павялічыліся за студзень-люты на 20,5% (на Br2,83 трлн).
Пра гэта паведаміў намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі (НББ) Сяргей Дубкоў на прэс-канферэнцыі ў сераду ў Менску, перадае «Інтэрфакс Захад».
Доля тэрміновых укладаў у беларускіх рублях на 1 сакавіка склала Br11,9 трлн (рост на 27,1% - ІФ).
Уклады фізічных асоб у замежнай валюце за студзень-люты выраслі на 11,1% (на $468.2 млн), да $4 млрд 680 млн, у тым ліку тэрміновыя ўклады склалі $4 млрд 368,9 млн (рост на 10,7% - ІФ) , праінфармаваў С.Дубкоў.
«Пытанням падтрымання пакупной здольнасці зберажэнняў, давераных банкам насельніцтвам, у цяперашніх эканамічных умовах надаецца павышаная ўвага. І гэтая палітыка, безумоўна, будзе працягнутая», - сказаў ён, каментуючы рост дэпазітаў насельніцтва.
Ён таксама паведаміў, што аб'ём крэдытнай запазычанасці фізічных асоб за студзень - люты 2012 года на 0,2% і па стане на 1 сакавіка склаў Br32 трлн 57,9 млрд.
Пры гэтым крэдытная запазычанасць насельніцтва на фінансаванне нерухомасці павялічылася за справаздачны перыяд на 2,4% і на 1 сакавіка 2012 года склала Br24 трлн 46,85 млрд.
Удзельная вага ільготных крэдытаў на будаўніцтва і набыццё жылля ў агульным аб'ёме крэдытнай запазычанасці насельніцтва на фінансаванне нерухомасці склала 84,7%.
Агульны аб'ём крэдытнай запазычанасці насельніцтва на спажывецкія мэты (у нацыянальнай і замежнай валютах) з пачатку года зменшыўся на Br494,77 млрд або, на 5,8%, і на 1 сакавіка 2012 года склаў Br8 трлн. Удзельная вага крэдытаў на спажывецкія мэты ў агульным аб'ёме крэдытнай запазычанасці насельніцтва на 1 сакавіка 2012 склала 25% супраць 26,6% на 1 студзеня 2012 года.