Мітынгоўцаў будуць разганяць шчытамі з электрошокерамі
- 14.03.2012, 14:43
Унутраныя войскі МУС Беларусі атрымалі новы сродак барацьбы з грамадзянамі.
14 сакавіка журналістам былі прадэманстраваныя новыя спецсродкі і ўзоры ўзбраення для розных падпаддзяленняў унутраных войскаў МУС Беларусі, паведамляе БелаПАН.
Прадстаўнікі СМІ ўбачылі, у прыватнасці, ручныя электрошокеры, пластыкавыя шчыты з убудаванымі электрашокерамі, вырабленыя ў Беларусі, нямецкія 9-мм пісталеты Sig Sauer. Апошнія закуплены для САХР унутраных войскаў МУС. Пісталеты паступілі на ўзбраенне каля паловы года таму, шчыты - каля года таму, сказалі афіцэры брыгады спецназа агенцтву БелаПАН.
Як паведаміў на сустрэчы з журналістамі намеснік міністра ўнутраных спраў - камандуючы ўнутранымі войскамі Валер Гайдукевіч, нядаўна была праведзеная замена амаль паловы аўтапарка сапёрна-піратэхнічных груп УВ. Закупленыя мікрааўтобусы «Фольксваген». Разглядалася пытанне аб набыцці расейскіх «Газеляў», аднак ад гэтай ідэі прыйшлося адмовіцца па тэхнічных прычынах. А вось закупка аўтамабіляў нерасейскай вытворчасці працягнецца, сказаў камандуючы.
Валер Гайдукевіч таксама адзначыў, што транспартныя сродкі, у якіх перавозіцца спецкантынгент пад канвоем варты ўнутраных войскаў, зараз абсталяваны GPS-датчыкамі, якія дазваляюць у рэжыме рэальнага часу адсочваць іхняе знаходжанне.