На рэйкі ў менскім метро зноў упаў чалавек
- 19.03.2012, 11:05
У Менску ўвечары 18 сакавіка на рэйкі станцыі метро «Плошча Леніна» ўпаў мужчына.
Аб гэтым паведаміў БелТА старэйшы памочнік пракурора Менска па прававым забеспячэнні, інфармацыі і грамадскіх сувязях Сяргей Балашоў.
Мужчына 1981 года нараджэння - жыхар Барысава - упаў на рэйкі з-за раптоўнага пагаршэння самаадчування.
Супрацоўнікі станцыі аператыўна адключылі напругу на кантактнай рэйцы. Мужчыну паднялі наверх. Напругі не было ўсяго тры хвіліны, і збояў у графіку руху цягнікоў інцыдэнт за сабой не пацягнуў.