Чарговы журналіст «Радыё Рацыя» атрымаў папярэджанне
- 19.03.2012, 13:51
Брэсцкая абласная пракуратура вынесла афіцыйнае папярэджанне карэспандэнту «Радыё Рацыя» Кісель Зміцеру за працу на тэрыторыі Беларусі без акрэдытацыі.
«Папрасілі каб я спыніў супрацоўніцтва з «Радыё Рацыя», таму што гэта мне пагражае тым, што нават калі я захачу пайсці ў нейкую афіцыйную рэдакцыю, якая мае акрэдытацыю, мне акрэдытацыю ўжо не дадуць, таму што я ўжо два разы парушыў заканадаўства. Сказалі, што будуць адсочваць, калі на мяне прыйдзе яшчэ нейкая скарга, ці нешта кшталту таго, то мне будзе пагражаць адміністрацыйная адказнасць, альбо ў залежнасці ад аналізу матэрыялаў, крымінальная», - сказаў Зміцер Кісель.
Гэта ўжо другое папярэджанне карэспандэнту Кісель Зміцеру, вынесенае пракуратурай за працу без акрэдытацыі. Першае было ў 2009 годзе, перадае «Радыё Рацыя».
Трэба адзначыць, што ў 2012 годзе з боку праваахоўных органаў ціск на карэспандэнтаў «Радыё Рацыя» значна ўзмацніўся.