FIDH: Гэта падобна да ліквідацыі сведак
- 19.03.2012, 16:35
Пакаранне смерцю абвінавачаных у тэракце стала яшчэ адной ілюстрацыяй поўнай адсутнасці незалежнай судовай сістэмы ў Беларусі, заявіла кіраўніца Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека.
«Гэтае смыротнае пакаранне - ілюстрацыя поўнай адсутнасці незалежнай судовай сістэмы ў Беларусі, бо віна гэтых двух маладых людзей не была дакладна даказаная, а судовы працэс не быў справядлівы. Гэты расстрэл больш падобны да спробы прымусіць замоўкнуць дзвюх важных сведкаў», - сказала Сухайр Белхасен ў заяве, апублікаванай на сайце FIDH (пераклад - charter97.org).
Супярэчлівыя паказанні ў ходзе судовага разбору ставяць пад сумнеў удзел абвінавачваных у арганізацыі выбухаў. Акрамя таго, назіральнікі паведамілі аб сур'ёзных працэсуальных парушэннях падчас папярэдняга следства і судовага разгляду справы, якія прадстаўляюць сабой абуральныя парушэнні права абвінавачаных на празрыстае і бесстаронняе судовае разбіральніцтва. Суд не знайшоў ні матыву, ні дакладных абставінаў здзяйснення злачынства. Рэчавыя доказы ўжо знішчаныя па рашэнні суда.
Яна падкрэсліла, што Беларусь з'яўляецца апошняй краінай у Еўропе, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне. «Больш за 70% краін па ўсім свеце адмянілі такое пакаранне. Гэтымі смяротнымі карамі ўлады Беларусі, на жаль, абралі супрацьлеглы шлях», - сказала Белхасен.
FIDH заклікала беларускія ўлады адмяніць смяротнае пакаранне або ўвесці мараторый на яго прымяненне.