BE RU EN

Валера Ухналёва не выпусцілі з Беларусі

  • 21.03.2012, 10:54

Сёння раніцай за мяжу не пусцілі намесніка старшыні Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Валера Ухналёва.

Пра гэта палітык паведаміў карэспандэнту сайта «Товарищ.online».

«Я ехаў у Вільню па справах, - распавядае Валерый Ухналёў. - На КПП «Каменны Лог» памежнік, праверыўшы мой пашпарт, прапанаваў прайсці ў службовае памяшканне, дзе абвясцілі, што ўезд за мяжу мне забаронены».

Па словах палітыка, яму не патлумачылі прычыну адмовы: «Мы не даем даведак і не каментуем свае дзеянні, - сказалі мне. - Памежнікі толькі парэкамендавалі звяртацца ў органы рэгістрацыі па месцы жыхарства».

Валер Ухналёў сцвярджае, што не вельмі перажывае, бо «гэтага варта было чакаць».

Такія забаронныя дзеянні ўладаў ён звязвае са сваёй палітычнай дзейнасцю: «Адназначна можна сцвярджаць: забаранілі выезд за мяжу не грамадзяніну Ухналёву, а намесніку старшыні Партыі «Справядлівы свет» Ухналёву».

Нагадаем, за апошні час шэрагу апазіцыйных палітыкаў, журналістаў і праваабаронцаў быў забаронены выезд за межы Беларусі.

Апошнія навіны