КДБ спрабуе пазбавіць апазіцыянера апякунства над бацькамі
- 21.03.2012, 11:41
Старшыня бабруйскай арганізацыі АГП Віктар Бузінаеў даведаўся ад сацыяльных работнікаў, што яго збіраюцца пазбаўляць апекі над бацькамі.
Актывіст упэўнены, што робяць гэта па палітычных матывах, піша ПЦ «Вясна».
- Мой тата, Сцяпан Прохаравіч, інвалід першай групы па зроку, маці - былы вязень фашысцкага канцлагера, і я амаль пяць гадоў у іх апякун, - распавядае Віктар Бузінаеў. - Ніякіх нараканняў і тым больш праверак і камісій за гэты час не было, а тут раптам адразу пагражаюць пазбаўленнем апякунства. Пакуль мяне не было з бацькамі, прыехалі людзі са службы сацыяльнай абароны Першамайскага раёна, пагаварылі з імі і сышлі. А потым па тэлефоне мне заявілі, што паколькі я ў момант візіту правяраючых не быў з бацькамі, мяне пазбавяць апекі над імі.
Калі Бузінаеў 20 сакавіка прыйшоў у службу сацыяльнай абароны, там у прыватнай гутарцы яму прызналіся, што робяць гэта па просьбе супрацоўнікаў КДБ.
Віктар Бузінаеў прасіў у сацыяльных работнікаў паказаць яму прадпісанне з раскладам, па якім ён павінен даглядаць за бацькамі, але яны не змаглі знайсці такую паперу.
Сцяпан Бузінаеў, бацька актывіста, абураны дзеяннямі сацыяльных работнікаў. Ён напісаў заяву ў службу сацабароны, у якой просіць растлумачыць, на чым грунтуецца рашэнне пазбавіць ягонага сына апякунства.
- Гэта нейкі абсурд, не можа мой сын 24 гадзіны на суткі стаяць ля мяне, як медсястра! Ён і так практычна кожны дзень, а то і па некалькі разоў на дзень, бывае ў нас, дапамагае. Ён сваімі рукамі зрабіў прыбудову да нашага дому, праклаў праводку, газавае ацяпленне і гэтак далей. Гэта можа пацвердзіць любы наш сусед. Я глыбока абураны дзеяннямі гэтай арганізацыі, яны супярэчаць ўсяму таму, што гаворыцца і дэкларуецца кіраўніцтвам краіны і СМІ, - дзеліцца ўражаннямі Сцяпан Бузінаеў.
Заява бацькі бабруйскага лідэра АГП накіраваная ў службу сацыяльнай бяспекі Першамайскага раёна. Там сям'і Бузінаевых параілі чакаць пісьмовага адказу па пошце.