Дыктатар даручыў «губернатарам» рыхтавацца да двух «шоў»
- 26.03.2012, 13:58
Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці працягу працы па падрыхтоўцы да чэмпіянату свету - 2014 па хакеі і «парламенцкіх выбараў».
«Нам неабходна да гэтага спартовага мерапрыемства падрыхтавацца як след», - падкрэсліў А.Лукашэнка, прымаючы ў панядзелак з дакладамі старшыняў менскіх аблвыканкама і гарвыканкама Барыса Батуру і Мікалая Ладуцьку.
Лукашэнка таксама закрануў пытанне стварэння кітайска-беларускага індустрыяльнага парку, дзе «занадта шмат вакол гэтага размоваў і спекуляцый».
«Хаваць тут нешта ад простых людзей, крыўдзіць іх і тым больш ушчамляць - ні ў якім разе нельга. У нас хапае месца для таго, каб развіваць гэты індустрыяльны парк», - сказаў беларускі кіраўнік.
«Я ведаю, што вам хацелася б мець такое магутнае аб'яднанне на Меншчыне, ну так трэба і нармальна тлумачыць людзям сітуацыю, якая складаецца. А калі ёсць нейкія пытанні, іх трэба ўстараняць. Яшчэ раз падкрэсліваю: у нас для гэтага ёсць усё неабходнае», - адзначыў А.Лукашэнка, звяртаючыся да губернатара Менскай вобласці Барыса Батуры.
Лукашэнка таксама заклікаў губернатараў сур'ёзна рыхтавацца да «парламенцкіх выбараў».
«Вас таксама тычыцца, як і прадстаўнікоў папярэдніх абласцей, тое, што ў нас прыкладна паўгады засталося да парламенцкіх выбараў. І нам трэба прымаць сур'ёзныя рашэнні для таго, каб падысці да гэтых парламенцкіх выбараў на адпаведным узроўні, каб не было сорамна перад людзьмі», - заявіў А.Лукашэнка.