Гарцуеў стаў мастацкім кіраўніком РТБД
- 28.03.2012, 11:55
Міністэрства культуры ўзгадніла прызначэнне мастацкім кіраўніком Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (РТБД) Аляксандра Гарцуева.
Як паведамляе прэс-служба Мінкульта, кандыдатуру Гарцуева на пасаду мастацкага кіраўніка тэатра вылучыў вядомы актор Ігар Сігаў, які ў канцы мінулага тыдня, 23 сакавіка, заняў пасаду дырэктара тэатра.
Аляксандр Гарцуеў пасля заканчэння ў 1980 годзе акторскага аддзялення Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута працаваў акторам у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы.
У 1994 годзе на сцэне РТБД паставіў свой першы спектакль - «Чорны квадрат».
У 2000 годзе Гарцуеў скончыў рэжысёрскае аддзяленне Расейскай акадэміі тэатральнага мастацтва і прайшоў стажыроўку пад кіраўніцтвам вядомага рэжысёра Леаніда Хейфеца.
З 2000 года працаваў рэжысёрам Купалаўскага тэатра.
Гарцуеў з'яўляецца рэжысёрам мноства спектакляў, сярод якіх - «Івона, прынцэса Бургундская» (Вітальд Гамбровіч), «Дзеці Ванюшына» (Сяргей Найдзёнаў), «Хам» (Эліза Ажэшка), «Не мой» (Алесь Адамовіч), «Людзі на балоце» (Іван Мележ).
Аляксандр Гарцуеў таксама выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, дзе ў 2008 годзе выпусціў курс маладых рэжысёраў драматычнага тэатра.