Уладыка Веніямін: Я прыхільнік адмены смяротнага пакарання
- 29.03.2012, 14:04
Біскуп Барысаўскі, вікарый Менскай епархіі Веніямін заявіў, што з'яўляецца праціўнікам прымянення смяротнага пакарання.
«Я прыхільнік таго, каб смяротнага пакарання не было», - сказаў уладыка Веніямін на прэс-канферэнцыі ў чацвер у Менску, прысвечанай 400-годдзю з дня сканання святой праведнай Сафіі Слуцкай.
Адказваючы на пытанне, ці звярталася да яго маці Уладзіслава Кавалёва, расстралянага за тэракт у менскім метро, з просьбай хадайнічаць аб памілаванні яе сына, уладыка Веніямін сказаў, што «маці Кавалёва да мяне не звярталася».
Са свайго боку прэс-сакратар Менскага епархіяльнага ўпраўлення Беларускай праваслаўнай царквы протаіерэй Сяргей Лепін заявіў, што «Беларуская праваслаўная царква зрабіла сваю заяву па пытанні прымянення смяротнага пакарання, і ў нас няма падставаў меркаваць пакуль, што яна засталася непачутай. Царква вітае тэндэнцыі ў грамадстве, накіраваныя на адмену смяротнага пакарання».