BE RU EN

Хопіць браць крэдыты

  • 6.03.2012, 23:05

На кожнага беларуса ўжо маецца запазычанасць у $3 тысячы.

Аднак урад зноў і зноў звяртаецца за чарговымі пазыкамі, перадае «Белсат».

Як паведаміў кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Крыс Джарвіс (Chris Jarvis), эксперты фонду падчас працы ў Менску абмеркавалі заяўку Беларусі на фінансавую падтрымку. Па ягоных словах, у гэтым пытанні фонд зробіць некалькі крокаў. Пры гэтым, адзначыў Джарвіс, вызначэнне «аб'ёмаў фінансавання, якія могуць спатрэбіцца краіне», - адзін з апошніх крокаў. Першы - «вызначэнне неабходнай эканамічнай палітыкі і ўпэўненасць у яе поўнай падтрымцы».

«Перад уладамі стаіць выбар: спыніць гонку за гэтымі $500 і паступова выпраўляць сітуацыю, ці чыноўнікі будуць зноў браць крэдыты і сядзець у сваіх крэслах. Я думаю, што грошы лепш браць у Расеі - без адсоткаў, на аснове любові і сяброўства. Трэба пажадаць усяго найлепшага місіі Міжнароднага валютнага фонду і займацца справай, а не прасіць грошай», - раіць уладам Леанід Заіка.

Па словах эканаміста, агульная запазычанасць нашай краіны складае каля $30 млрд, або 52-56% ад ВУП. Калі так пойдзе далей, то чарговыя крэдыты Беларусь атрымае на значна горшых умовах - на вялікіх адсотках або пад заклад «фамільнага срэбра».

Запазычанасць Беларусі перад МВФ цяпер складае $3,8 млрд. У 2012 годзе Беларусь павінная накіраваць на пагашэнне знешняга дзяржаўнага доўгу больш за $1,6 млрд. У наступныя два гады (2013-2014) штогадовыя плацяжы ў кошт пагашэння знешняга дзярждоўгу ўсім крэдыторам перавысяць $3 млрд.

Улады Беларусі накіравалі ў МВФ хадайніцтва, у якім прапанавалі вылучыць новы крэдыт, каб рэфінансаваць наяўную запазычанасць. Пра гэта паведаміла ў канцы студзеня журналістам кіраўнік Нацбанка Надзея Ермакова.

Апошнія навіны