Улады зноў абвінавачваюць ва ўсіх бедах насельніцтва
- 7.03.2012, 13:42
Беларускія ўлады па-ранейшаму ўскладаюць на насельніцтва адказнасць за леташні калапс.
Менавіта ажыятажны імпарт насельніцтвам аўтамабіляў з Еўропы ў першай палове мінулага года перад павышэннем увазных пошлін і стаў спускавым кручком крызісу, сцвярджаюць чыноўнікі.
Паводле дадзеных Белстата, беларусы завезлі ў 2011 годзе аўтамабіляў на суму 2,6 млрд. даляраў. Між тым, гэтая лічба была змякчаная рээкспартам аўто з краіны, аб'ём якога па выніку 2011 ўлады ацэньваюць больш чым у 1 млрд. даляраў, піша АФН.
Аднак гэта не зніжае ступень адказнасці насельніцтва, даў зразумець сёння начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай палітыкі Мінэканомікі Раман Бродаў. Ён растлумачыў, што імпарт прыйшоўся на першую палову мінулага года, у той час як рээкспартам насельніцтва займалася бліжэй да канца 2011 года.
«Гэты разрыў стаў значным фактарам, які аказаў негатыўны ўплыў на эканамічную сітуацыю ў краіне», - заявіў Бродаў.
Увогуле, для нівеліравання наступстваў падобных парываў і існуе Нацыянальны банк краіны са сваімі міжнароднымі рэзервамі. І апошняе справа - вінаваціць насельніцтва ў тым, што ў дзяржоргана ўлады ў патрэбны момант не знайшлося грошай у засеках. Больш за тое, праблемы з валютай пачаліся яшчэ ў студзені 2011 года, то бок за два месяцы да піка імпарту аўтамабіляў (сакавік).
Зрэшты, насельніцтва павіннае пакаяцца не толькі за пустыя засекі Нацбанка РБ, але і за тое, што не маючы магчымасці купіць у валюту ў абменных пунктах банкаў, было вымушанае ажыццяўляць канвертаванне праз экспарт беларускіх тавараў у суседнія краіны.
Яшчэ адной з прычын крызісу, па словах Бродава, стаў вываз насельніцтвам за межы краіны спажывецкіх тавараў айчыннай вытворчасці, у тым ліку прадуктаў харчавання і паліва.