Амаль палова аўтадарог маюць патрэбу ў рамонце
- 11.04.2012, 14:18
У Беларусі больш за 40% рэспубліканскіх аўтамабільных дарог маюць патрэбу ў бягучым рамонце, паведаміў прадстаўнік дэпартамента «Белаўтадар» Яўген Ракала.
«Па апошніх дадзеных, поўная патрэба ў рамонтах па рэспубліканскіх дарогах складае 6,6 тыс. км, або 43% ад агульнай іх працягласці, на гэтыя мэты неабходна накіраваць каля Br4 трлн., нам жа на ўтрыманне і выкананне бягучага рамонту ў 2012 годзе вылучана з рэспубліканскага бюджэту толькі Br1,6 трлн.», - сказаў Ракала, перадае БелТА.
У сувязі з недахопам фінансавання, па ягоных словах, у 2012 годзе бягучы рамонт (штогадовая разметка праезнай часткі, павярхоўная апрацоўка і замена верхняга зношанага пласта дарогі) будзе праведзены на 934 км аўтамабільных дарог.
Прадстаўнік «Белаўтадара» таксама паведаміў, што плануецца ажыццявіць капітальны рамонт на 40 км дарог.
Сетка аўтамабільных дарог агульнага карыстання Беларусі складае больш за 86 тыс. км, у тым ліку каля 15,5 тыс. км - рэспубліканскіх і больш за 71 тыс. км - мясцовых дарог.