У цэнтры Менска руйнуецца будынак XVIII стагоддзя (Фота)
- 11.04.2012, 14:51
У будынку па адрасе пл. Свабоды 13/2 па ўсёй вышыні раскалолася сцяна - яе падперлі драўлянымі канструкцыямі.
Паводле энцыклапедыі «Архітэктура Беларусі», гэты дом пабудаваны як флігель суседняй сядзібы Станкевіча ў другой палове XVIII стагоддзя, гэта значыць яму больш за 200 гадоў. Некаторы час тут быў інтэрнат Менскай мужчынскай духоўнай вучэльні. У савецкі час тут размяшчаўся спачатку Наркамат асветы БССР, а потым - Інбелкульт (правобраз Акадэміі навук). Сюды хадзілі на працу Яўхім Карскі, Язэп Лёсік, Вацлаў Ластоўскі, Янка Купала, Якуб Колас, Сцяпан Некрашэвіч…
Афіцыйнай версіі, чаму сцяна трэснула, няма. Але відавочна, што тут мог паўплываць рамонт у суседнім будынку па Свабоды, 15, вядучага прадпрыемства «Менская спадчына». На здымку бачна, што падземныя памяшканні будучай галерэі Савіцкага падабраліся ўшчыльную да падмурку дома, сцяна якога раскалолася, перадае «Еўрарадыё».
Інбелкульт размяшчаўся тут у 1922-25 гадах
Справа ад будынка, сцяна якога раскалолася, ідзе рэканструкцыя сядзібы Станкевіча XVIII стагоддзя пад галерэю мастака Савіцкага
Падземныя памяшканні будучай галерэі ўшчыльную падабраліся да будынка, які руйнуецца
Расколіны пайшлі па ўсёй вышыні дома