Згоду на візіт Папы ў Беларусь трэба атрымліваць у Маскве
- 12.04.2012, 13:29
Лукашэнка імкнецца выкарыстоўваць аўтарытэт Касцёла ў ціску на ўлады еўрапейскіх краін, каб тыя змянілі стаўленне да Менска.
«Я думаю, што недалёкі той дзень, калі і Папа Рымскі зможа сустрэцца ў Беларусі са сваімі прыхільнікамі. Мы будзем радыя бачыць яго. Мы ў гэтым напрамку павінныя працаваць і з нашым Патрыярхам. Мы вядзем гэтую працу», - заявіў Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся ў аўторак у Мінску з апостальскім нунцыем у Беларусі Клаўдыё Гуджэроці.
Чаму, нягледзячы на шматлікія заявы беларускага кіраўніцтва на працягу многіх гадоў, візіт Папы Рымскага ў Беларусь да гэтага часу малаверагодны? Хто выступае супраць прыезду ў Беларусь іерархаў Каталіцкай царквы? На гэтыя пытанні вядучага праграмы «Бліц-аналіз» на «Радыё Свабода» Віталя Цыганкова адказвае палітолаг Уладзімір Мацкевіч.
- Аляксандр Лукашэнка запрашаў Папу Рымскага прыехаць у Беларусь яшчэ ў 2008 годзе і паўтарыў гэтае запрашэнне падчас свайго візіту ў Ватыкан у 2009 годзе, рабіў такія заявы і пазней. Аднак, падобна да таго, што ў рэальнасці гэтае пытанні ніякім чынам не прасунулася, ніякіх канкрэтных крокаў да прыезду Папы ў Беларусь не робіцца. Чаму?
- Бо гэта не такое простае пытанне, гэта не сяброўскае запрашэнне аднаго чалавека прыехаць у госці да другога. Візіт Папы Рымскага абумоўлены міжканфесійнымі адносінамі паміж Каталіцкай царквой і Расейскай Праваслаўнай Царквой, якая абвясціла Беларусь сваёй кананічнай тэрыторыяй. Таму такі візіт сам па сабе можа ўскладніць міжканфесійную сітуацыю ў краіне. Пакуль Беларуская Праваслаўная Царква не з'яўляецца аўтакефальнай, згоду на такі візіт трэба атрымліваць у Маскве. У гэтым сэнсе Лукашэнка, як бы ён не стараўся падаваць сябе адзіным уладаром ў краіне, не з'яўляецца цалкам самастойным
- Вы лічыце, што Лукашэнка на самой справе хоча бачыць Папу на беларускай зямлі, але, маўляў, нічога зрабіць нельга? Здаецца, усё ж беларуская дзяржаўная і палітычная ўлада на тэрыторыі Беларусі больш за ўплывовая, чым нават праваслаўная царква.
- У большасці пытаннях - так. Але канфесійныя праблемы вельмі тонкія і складаныя. Па-другое, трэба ўлічваць стаўленне ўладаў да Касцёла ў Беларусі, дзе ствараюцца вельмі неспрыяльныя ўмовы. Ехаць у тую краіну, дзе Касцёла ствараюцца дрэнныя ўмовы - Тата не вельмі будзе спяшацца.
- Чаму тады, разумеючы ўсё гэта, Лукашэнка працягвае рабіць заявы аб запрашэнні Папы ў Беларусь? Каб атрымаць добразычлівасць каталіцкага электарату.
- Так, з аднаго боку гэта папулісцкая заява для каталікоў Беларусі - каб паказаць, што ён добразычліва ставіцца да Касцёла. Па-другое, гэта звязана з знешняй палітыкай, Лукашэнка настойліва імкнецца выкарыстоўваць аўтарытэт Касцёла ў ціску на свецкія ўлады еўрапейскіх краін, каб тыя змянілі стаўленне да Менска. І, па-трэцяе, Лукашэнка праз такія заявы хоча крыху пазбавіцца ад ціску Маскоўскай патрыярхіі, якая ўсё ж з'яўляецца прычынай імперскай палітыкі Расеі.