Чэшская Mavel і славенская Riko пабудуюць у Беларусі ГЭС?
- 12.04.2012, 13:39
Кампаніі Чэхіі і Славеніі праяўляюць цікавасць да ўдзелу ў будаўніцтве гідраэлектрастанцый у Беларусі.
Аб гэтым сказаў сёння журналістам намеснік начальніка ўпраўлення стратэгічнага развіцця ДВА «Белэнерга» Віталь Сабко, паведамляе БелТА.
У Беларусі плануецца пабудова некалькіх каскадаў ГЭС з прыцягненнем прамых інвестыцый: на Заходняй Дзвіне (Бешанковіцкая і Верхнядзвінская ГЭС), а таксама на Дняпры (Аршанская, Шклоўская, Магілёўская і Рэчыцкая ГЭС).
Прапановы аб удзеле ў праектах разасланыя больш чым 60 кампаніям з розных краін. «Прадугледжваецца, што тая ці іншая кампанія разгледзіць нашую прапанову і прадставіць у Мінэнерга тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне будаўніцтва якой-небудзь гідраэлектрастанцыі», - распавёў Віталь Сабко. З боку інвестараў ўжо пачынаюць паступаць прапановы. У прыватнасці, зацікаўленасць удзельнічаць ва ўзвядзенні ГЭС праявілі чэшская Mavel і славенская Riko. Вывучаюць магчымасць удзелу ў праектах і кітайскія інвестары. «Аднак канкрэтных дамоўленасцяў пакуль ні з кім няма, кантракты не падпісаныя», - падкрэсліў ён.
Адказваючы на пытанне аб аб'ёмах запланаваных у будаўніцтва каскадаў ГЭС інвестыцый, эксперт растлумачыў, што яны разлічаныя арыенціровачна. «Дакладны разлік робіцца інвестарам», - сказаў ён.
У сваю чаргу начальнік аддзела навукова-тэхнічнай палітыкі і знешнеэканамічных сувязяў дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту Андрэй Мінянкоў дадаў, што кошт будаўніцтва гідраэлектрастанцый дастаткова высокая, аднак такія крыніцы электраэнергіі заменяць традыцыйныя энергарэсурсы, на закупку якіх неабходна вылучаць сур'ёзныя сродкі.
Начальнік упраўлення рэгулявання ўздзеяння на атмасфернае паветра і водныя рэсурсы Мінпрыроды Сяргей Заўялаў дадаў, што ўзвядзенне ГЭС дасць магчымасць скарачаць аб'ёмы спажывання арганічнага паліва. «Гэта скарачэнне 23 тыс. т забруджвальных рэчываў і прадухіленне выкіду каля 500 тыс. т парніковых газаў», - удакладніў ён.