Літва ўсё яшчэ спадзяецца дамовіцца аб памежным руху з Беларуссю
- 13.04.2012, 8:27
У Літве разлічваюць, што Беларусь завершыць усе працэдуры, неабходныя для ўступлення ў сілу пагаднення аб памежным руху.
Такое меркаванне выказала дырэктарка дзяржаўнага дэпартамента па турызме Літвы Райманда Бальнене на прэс-канферэнцыі ў Менску, паведамляе TUT.by.
Гісторыя з запускам памежнага руху ўжо актыўна абмяркоўваецца некалькі апошніх гадоў. Аднак знаходзяцца прычыны, якія адкладаюць гэты момант. Пагадненне аб спрошчанай працэдуры перасячэння мяжы для жыхароў памежных рэгіёнаў было падпісанае яшчэ 20 кастрычніка 2010 года. Парламенты абедзвюх краін ратыфікавалі дакумент у 2011 годзе. 1 сакавіка 2012 года Літва перадала Беларусі ноту, якой апавясціла Менск аб завяршэнні працэдур, неабходных для запуску памежнага руху. «Зараз усе працэдуры павінны завяршыць беларускі бок. Дакумент уступіць у сілу праз 30 дзён пасля таго, як гэта адбудзецца», - сказала Бальнене. Дырэктарка дзярждэпартамента па турызме Літвы адзначыла, што «нам бы хацелася, каб усё гэта адбылося як мага хутчэй».
Пагадненне дазволіць жыхарам памежных рэгіёнаў перасякаць мяжу без візаў, з адмысловымі дазволамі на мясцовае перамяшчэнне, і знаходзіцца на памежнай тэрыторыі іншай дзяржавы да 90 дзён на працягу паловы года. Пропускі будуць выдавацца тэрмінам ад аднаго да пяці гадоў, іх кошт складзе 20 еўра.
Паводле звестак МЗС Літвы, у памежнай з Беларуссю зоне з літоўскага боку пражываюць каля 800 тысяч жыхароў, з беларускага - каля 600 тысяч. Да памежнага раёна дакументам аднесеныя «тэрыторыі адміністрацыйных тэрытарыяльных адзінак да 30 кіламетраў ад дзяржаўнай мяжы ў краіне і ў зоне 30 км да мяжы дзяржавы, але не больш чым у 50 км». Пералік памежных рэгіёнаў Літвы складзены на аснове спісу раённых самакіраванняў і зацверджаны ў дадатку да пагаднення.