BE RU EN

Шакуцін змяніў Пефціева

  • 13.04.2012, 16:58

Старшыня савета дырэктараў ААТ «Амкадор» Аляксандр Шакуцін узначаліў Беларускую тэнісную федэрацыю (БТФ), змяніўшы ранейшага кіраўніка бізнесмэна Уладзіміра Пефціева.

На пазачарговай справаздачна-выбарнай канферэнцыі БТФ, якая адбылася сёння, за Аляксандра Шакуціна аднагалосна прагаласавалі ўсе дэлегаты, перадае БелТА.

Пасля завяршэння канферэнцыі сітуацыю журналістам пракаментаваў намеснік старшыні БТФ і віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Сяргей Цяцерын: «Уладзімір Пефціеў падаў заяву з просьбай вызваліць яго ад пасады кіраўніка БТФ ў сувязі з тым, што ён шмат знаходзіцца ў раз'ездах і не можа надаваць належную ўвагу кіраўніцтву федэрацыяй. Гэтае пытанне разглядалася каля месяца. Як правіла, любыя змены цягнуць за сабой пэўныя цяжкасці. У свой час былы мэр Менска Міхаіл Паўлаў зрабіў шмат для паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы беларускага тэніса. Пефціеў прыняў у яго эстафету і таксама зрабіў нямала для гэтага віду спорту, але не мог надаваць увагі тэнісу больш, чым надаваў. Мы доўга думалі, хто можа ўзяць на сябе гэтую няпростую ношу. Калі паступіла прапанова Аляксандру Шакуціну, ён доўга думаў, разумеючы, што гэта нялёгкі груз, але ўзважыў усе «за» і «супраць» і адказаў згодай. Адзначу таксама, што гэтае пытанне ўзгаднялася з прэзідэнтам НАК Аляксандрам Лукашэнкам».

Па словах Сяргея Цяцерына, пазачарговая канферэнцыя прайшла з улікам усіх заканадаўчых норм, усе дэлегаты, якія прыбылі, адзінагалосна прагаласавалі за Аляксандра Шакуціна.

54-гадовы кіраўнік кампаніі «Белтэхэкспарт» Уладзімір Пефціеў узначальваў БТФ са жніўня 2009 года, змяніўшы на гэтай пасадзе былога мэра сталіцы Міхаіла Паўлава, які кіраваў беларускім тэнісам з мая 2004 года. Паўлаў пакінуў тады пасаду па стане здароўя, а пазней памёр пасля цяжкай хваробы.

Апошнія навіны