У Менск прыехаў Рапота
- 18.04.2012, 9:46
Дзяржсакратар «саюзнай дзяржавы» прыбывае ў Менск з двухдзённым візітам.
Дзяржаўны сакратар «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі Рыгор Рапота 18-19 красавіка будзе знаходзіцца ў Менску, дзе прыме ўдзел у паседжанні калегіі ваенных ведамстваў дзвюх дзяржаў, а таксама разгледзіць пытанні рэалізацыі саюзных праграм.
Плануецца, што ў сераду Р.Рапота прыме ўдзел у паседжэнні сумеснай калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі, а таксама сустрэнецца са старшынём Выканаўчага камітэта СНД Сяргеем Лебедзевым, паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у Сталым камітэце «саюзнай дзяржавы».
Мяркуецца, што 19 красавіка дзяржсакратар азнаёміцца з ходам рэалізацыі шэрагу саюзных праграм, у тым ліку ў сферы ў сферы сельскай гаспадаркі, біяфізікі і геннай інжынерыі, а таксама ў касмічнай галіне. Акрамя таго, запланаваная сустрэча Р.Рапоты са старшынём прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Анатолем Русецкім, праінфармавалі ў Сталым камітэце.