BE RU EN

БХД зноў звярнулася ў Вярхоўны суд

  • 18.04.2012, 17:53

Аргкамітэт БХД накіраваў у Вярхоўны суд скаргу на адмову ў разглядзе скаргі на нерэгістрацыю.

Адказны сакратар па стварэнні БХД Дзяніс Садоўскі паведаміў БелаПАН, што аргкамітэт па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД) 18 красавіка накіраваў у Вярхоўны суд (ВС) скаргу на адмову гэтай інстанцыі ў разглядзе скаргі на нерэгістрацыю партыі Мінюстам. Па ягоных словах, скарга накіраваная намесніку старшыні ВС Андрэю Забару.

Устаноўчы з'езд БХД прайшоў 17 снежня 2011 года. 14 лютага Міністэрства юстыцыі ў чацвёрты раз адмовіла БХД у рэгістрацыі. 9 красавіка стала вядома, што Вярхоўны суд не прыняў да вытворчасці пазоў аргкамітэта па стварэнні БХД да Мінюста ў сувязі з адмовай у рэгістрацыі. Падставай для адмовы ў разглядзе скаргі стала тое, што яе падпісаў толькі адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі.

«Мы не згодныя з такім рашэннем. Па-першае, заканадаўствам прадугледжанае патрабаванне, каб на прадстаўленне палітычнай партыі былі ўпаўнаважаныя як мінімум тры асобы, але адсутнічае патрабаванне, каб гэтыя тры асобы разам ажыццяўлялі ўсе дзеянні, уключна з падачай скаргі ў Вярхоўны суд на адмову ў рэгістрацыі партыі. Па-другое, пры ўмове, калі нават усе тры упаўнаважаныя асобы павінныя разам падаваць скаргі ў Вярхоўны суд, то падача скаргі адной асобай не з'яўляецца падставай адмаўляць у прыняцці да разгляду скаргі ў Вярхоўным судзе. Яе трэба было пакінуць без руху да выпраўлення ўсіх недахопаў», - лічыць Садоўскі.

У сувязі з гэтым БХД просіць «прынесці пратэст на вызначэнне Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь ад 29 сакавіка 2012 аб адмове ва ўзбуджэнні справы па скарзе на рашэнне Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь аб адмове ў рэгістрацыі партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» ад 14 лютага 2012 года з патрабаваннем адмяніць паказанае вызначэнне Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь і ўзбудзіць справу па скарзе».

«Мы разумеем, што рашэнне будзе выключна палітычным. Але, каб былі відавочныя парушэнні заканадаўства, законапаслухмяныя людзі павінныя скардзіцца на незаконныя рашэнні. Гэта дасць магчымасць абскардзіць рашэнне суда ў міжнародных інстанцыях», - сказаў Садоўскі.

Апошнія навіны