BE RU EN

Мядзведзеў адмахнуўся ад Лукашэнкі адпіскай (Фота)

  • 2.04.2012, 11:10

Прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў павіншаваў свайго беларускага калегу Аляксандра Лукашэнку з Днём яднання народаў Беларусі і Расеі.

Між тым дадзенае віншаванне практычна слова ў слова паўтарае віншаванне Дзмітрыем Мядзведзевым прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча ў сувязі з Днём незалежнасці 24 жніўня 2010 года.

«Нашыя народы звязваюць шматвяковыя традыцыі сяброўства і добрасуседства, агульныя духоўныя карані, славутыя старонкі сумеснай гісторыі. Абапіраючыся на гэты трывалы падмурак расейска-беларускіх саюзніцкіх адносін, мы паспяхова развіваем усебаковае ўзаемавыгаднае партнёрства, дамагаемся адчувальных вынікаў у гандлёва-эканамічнай сферы, каардынуем падыходы па шырокім коле пытанняў рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня», - гаворыцца ў віншаванні, якое прыводзіць прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

«Расею і Украіну звязваюць шматвяковыя традыцыі добрасуседства, агульныя духоўныя карані, славутыя старонкі сумеснай гісторыі. На гэтай прасвяднай глебе мы паспяхова развіваем шматпланавае стратэгічнае партнёрства, дамагаемся рэальных вынікаў у гандлёва-эканамічнай сферы, каардынуем падыходы ў межах інтэграцыйных аб'яднанняў і шматбаковых арганізацый па шырокім коле пытанняў рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня», - адзначыў Дзмітрый Мядзведзеў у віншаванні Віктара Януковіча.

Як нагадвае Тэлеграф, Аляксандр Лукашэнка павіншаваў грамадзянаў Беларусі і Расеі з Днём яднання. Па ягоных словах, свята «сімвалізуе непарушнае сяброўства і брацтва народаў» дзвюх краін. «Сёння нас родняць агульная гісторыя, культура і самае галоўнае - шчырае імкненне да аб'яднання намаганняў і магчымасцяў у мэтах ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага прагрэсу дзвюх краін», - заявіў ён.

Апошнія навіны