Чэргі на мяжы з Літвой - 20 кіламетраў
- 2.04.2012, 16:34
На беларуска-літоўскай мяжы на 2 красавіка чэргі загружаных і парожніх фур расцягнуліся да 20 кіламетраў.
C беларускага боку ў раёне памежперахода «Каменны Лог» кіроўцы па трое-чацвёра сутак чакаюць магчымасці пераехаць мяжу з Літвой. У чарзе ў асноўным парожнія грузавікі, што ідуць транзітам праз Літву ў Калінінградскую вобласць Расеі, перадае «Тэлеграф».
У «Каменным Логу» на ўездзе ў Беларусь з Літвы сьаяць 300 грузавікоў, на выездзе - 580, у «Катлоўцы» на выездзе з Беларусі - 170 фур, у «Беняконях» і «Прывалцы» - па 200.
Чарга грузавых аўтамабіляў на тэрыторыі Літвы карацейшая - каля 10-11 кіламетраў, але тут кіроўцы таксама чакаюць па двое-трое сутак, паведамляе ІА «REGNUM-Беларусь».
З літоўскага боку самым праблемным участкам мяжы з'яўляецца памежпераход «Мядзінінкай». Тут аўтамабілі, што ідуць у супрацьлеглых кірунках, не могуць гадзінамі размінуцца на вузкай дарозе. Пры гэтым з'яўлення паліцэйскіх патрулёў можна чакаць суткамі. Як тлумачаць супрацоўнікі літоўскай дарожнай паліцыі, прылеглыя да памежнага пераходу ўчасткі не адносяцца да зоны іх адказнасці.
Па абодва бакі мяжы Літвы з Беларуссю практычна няма прыдарожнай інфраструктуры, усталяваныя толькі смеццевыя кантэйнеры.
Як перадаваў Тэлеграф, міжнародныя пункты пропуску паміж Беларуссю і Літвой зноў не адольваюць павялічаную нагрузку, у сакавіку на выездзе з Беларусі ў Літву ў чэргах стаялі сотні грузавых аўтамабіляў. Самыя доўгія чэргі традыцыйна ў пункце пропуску «Каменны Лог».