Музыка з Асіповічаў падае на КДБ у суд
- 26.04.2012, 12:02
Ігар Сімбіроў, музыка з Асіповічаў, якому не вяртаюць канфіскаваныя рэчы, звярнуўся ў КДБ з нагоды таго, калі ён зможа атрымаць адказ на свой зварот да старшыні КДБ Беларусі Зайцава.
Зварот быў зарэгістраваны ў аддзеле па зваротах грамадзянаў яшчэ 19 сакавіка, піша ПЦ «Вясна».
Супрацоўніца аддзела па зваротах грамадзянаў Цэнтральнага КДБ Ракевіч адказала музыку, што пытанне было разгледжанае на самым высокім узроўні і вырашана перапіску з Ігарам Сімбіровым спыніць. Таксама яна параіла музыку для вырашэння праблемы звяртацца ў суд.
«Яшчэ 19 сакавіка я зарэгістраваў у аддзеле па зваротах грамадзян Цэнтральнага КДБ у Менску пісьмовую скаргу на дзеянні старшыні ўпраўлення КДБ па Менску і Менскай вобласці Калача У. В., якую я напісаў на імя старшыні КДБ Беларусі Зайцава, - кажа Ігар Сімбіроў. – Я скардзіўся наконт таго, што ўжо год і тры месяцы супрацоўнікі КДБ не вяртаюць мне мае асабістыя рэчы, - гітару, нэтбук і прыватныя дзённікі, а таксама не адказваюць на пісьмовыя звароты. Прайшло больш за месяц пасля гэтай маёй скаргі ў Цэнтральны КДБ і зноў жа я ніякага адказу не атрымаў. Таму 25 красавіка я патэлефанаваў у аддзел па зваротах грамадзян Цэнтральнага КДБ, каб высветліць пытанне, ці даслалі мне адказ. Супрацоўніца гэтага аддзелу Ракевіч адказала мне па тэлефоне, што пытанне разглядалася на самым высокім узроўні і вырашана ўсялякую перапіску са мной спыніць. На мае пярэчанні яна параіла мне звяртацца ў суд і паклала трубку».
Пасля гэтага музыка паспрабаваў высветліць, чаму з ім не хочуць размаўляць наконт ягоных уласных рэчаў яшчэ па двух тэлефонных нумарах у Камітэце дзяржаўнай бяспекі.
Я патэлефанаваў супрацоўніку прэс-службы КДБ Антановічу, які адказаў, што гэта пытанне не ягонай кампетэнцыі і паклаў тэлефонную трубку, - распавядае Ігар Сімбіроў. – Пасля пазваніў на тэлефон даверу КДБ, там супрацоўнік наогул нечага перапужаўся, адказаў «я каментароў не даю» і таксама кінуў трубку».
Зараз музыка з Асіповічаў не бачыць іншай магчымасці дамагчыся справядлівасці, акрамя звароту ў суд.
«Буду з дапамогай праваабаронцаў рыхтаваць неабходныя дакументы і падаваць пазоў у суд на дзеянні супрацоўнікаў КДБ, іншага выйсця я проста не бачу», - кажа Ігар Сімбіроў.