Першамай забараняюць і ў рэгіёнах
- 27.04.2012, 12:12
У Мікашэвічах забаранілі правядзенне акцыі салідарнасці з працаўнікамі «Граніту», запланаванай на 1 мая.
Заяўка на правядзенне масавай акцыі, якая ставіла на сваёй мэце выказаць падтрымку актывістам незалежнага прафсаюзу прадпрыемства «Граніт», была адхіленая кіраўніцтвам мясцовага гарвыканкама, бо ў гэты ж дзень на стадыёне запланавалі гарадскую спартакіяду, паведамляе ПЦ «Вясна».
Ініцыятары правядзення мітынгу - старшыня Беларускага незалежнага прафсаюза Мікалай Зімін і кіраўнік аддзялення гэтага прафсаюза на прадпрыемстве «Граніт» Алег Стахаевіч - атрымалі з гарвыканкама паведамленне, што іх акцыя забароненая ў адпаведнасці з Законам аб масавых мерапрыемствах, які не дазваляе праводзіць некалькі масавых мерапрыемстваў у адным месцы .
Аднак актывісты незалежнага прафсаюзу сумняюцца, што гарадская спартакіяда насамрэч планавалася на 1 мая, бо раней у Мікашэвічах у гэты дзень падобныя спаборніцтвы ніколі не праводзіліся. Арганізатары мітынгу гатовыя абскардзіць у судзе забарону сваёй акцыі, калі высветліцца, што ніякай спартакіяды першапачаткова не рыхтавалі.