Дзмітрыева і Пашкевіча будуць судзіць
- 28.04.2012, 12:09
28 красавіка актывісты кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў і Міхаіл Пашкевіч былі выкліканыя ў Смалявіцкае РАУС.
Там паведамілі, што іх выклікаюць у Смалявіцкі райсуд 7 мая ў 17 гадзін, паведамляе «Радыё Свабода».
Дзмітрыева і Пашкевіча абвінавачваюць у парушэнні закона аб масавых мерапрыемствах. Пратаколы складзеныя за арганізацыю і правядзенне сходу дачнікаў, якія выступаюць супраць будаўніцтва кітайскага індустрыяльнага парку. Дзмітрыева абвінавачваюць яшчэ і ў тым, што ён выступіў на сходзе.
«Мне шкада, што абарона інтарэсаў грамадзянаў сутыкаецца з інтарэсамі бюракратыі. Тут відавочная маніпуляцыя закона. Бо гэта быў сход, на які кожны мае права. Але галоўнае, што ёсць перамога і адмысловы дэкрэт прэзідэнта не падпісаны. Мы дабіліся галоўнага. Аднак у Беларусі за гэта караюць», - сказаў Дзмітрыеў.
10 сакавіка дачнікі і жыхары некаторых вёсак Смалявіцкага раёна правялі сход супраць будаўніцтва на іх тэрыторыі беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку. Больш за 700 чалавек адзінагалосна прынялі зварот да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваннем адмяніць планаваную будоўлю. Акрамя таго, быў створаны саюз дачнікаў і вяскоўцаў «Свая сотка».