BE RU EN

Як у Беларусі выбіваюць паказанні (Дакумент)

  • 28.04.2012, 15:07

Дзяніс Быстрык распавёў, як беларускія спецслужбы выбівалі з яго паказанні супраць палітзняволеных анархістаў.

Пра гэта стала вядома з дакумента, апублікаванага на сайце ucpb.org.

У гэтым дакуменце, засведчаным натарыусам па ўсіх правілах, Дзяніс Быстрык заяўляе аб тым, што ўсе паказанні падчас следства дадзеныя ім пад ціскам і ён ад іх адмаўляецца. Аднак суд «не заўважыў» гэтага дакумента і пабудаваў абвінавачванне на паказаннях, выбітых са сведкаў раней.

30 верасня 2010 года супрацоўнікі ГУБАЗ і КДБ уварваліся ў кватэру, якую Дзяніс Быстрык здымаў разам з Ігарам Аліневічам. Пасля ператрусу і канфіскацыі некаторых рэчаў яго даставілі ў ГУБАЗ на вуліцу Рэвалюцыйную, дзе пачалі дапытваць.

Супрацоўнікі КДБ адразу папярэдзілі, што тэлефон Дзяніса Быстрыка праслухоўваецца і расказалі яму пра размову з братам, якая адбылася напярэдадні. Потым пачалі распытваць аб падпале аўтамабіля на тэрыторыі амбасады Расеі. Пры гэтым, не вёўся запіс размовы і затрыманаму не быў прадастаўлены адвакат.

Супрацоўнік ГУБАЗ Літвінскі пагражаў Дзянісу Быстрыку вялікім тэрмінам ў выпадку, калі ён не дасць паказанняў. Пасля допыту затрыманага адправілі ў РУУС Цэнтральнага раёна, а потым - у ІЧУ, дзе ён прабыў 6 сутак, а пасля быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе.

Праз 2 тыдні Дзяніса Быстрыка выклікалі тэлефанаваннем у КДБ, дзе яго зноў пыталіся пра Ігара Аліневіча і папрасілі намаляваць ягоны псіхалагічны партрэт. Таксама яму паказалі відэа з шэсця анархістаў і спыталі, ці пазнае ён на ім каго-небудзь.

17 лістапада на кватэру да Дзяніса Быстрыка прыехалі два супрацоўнікі ГУБАЗ Дзям'янаў і Сакалоў, якія зноў даставілі яго ў ГУБАЗ. Там запатрабавалі пацвердзіць словы дапытанага раней Веткіна, які паказаў, што Быстрык вёў відэаздымку акцыі анархістаў каля амбасады. У выпадку адмовы яму пагражалі адразу адправіць на Валадарку. Ужо знаёмы Дзянісу Быстрыку Літвінскі сказаў яму, што ў гэты раз ён «сядзе сур'езна і надоўга». Пасля гэтага затрыманы быў вымушаны пагадзіцца даць паказанні.

З будынка ГУБАЗ Быстрыка зноў адправілі ў ІЧУ. Праз 2 сутак ад яго запатрабавалі паказаць месцазнаходжанне Аліневіча. Калі Быстрык сказаў, што ён пра гэта не ведае, то ад яго запатрабавалі даведацца аб гэтым у ягонай сяброўкі Чарнышовай, бо, па версіі следчых, яна магла ведаць, дзе хаваецца Аліневіч. У выпадку адмовы супрацоўнічаць Быстрыку зноў прыгразілі турмой.

Пасля затрымання Аліневіча следчыя зладзілі вочную стаўку паміж ім і Быстрыкам, папярэдне паказаўшы апошняму, што і як трэба казаць.

У дакуменце Дзяніс Быстрык паказвае, што паказанні, дадзеныя на папярэднім следстве і падчас вочнай стаўкі, былі ілжывымі, і ён іх даў пад пагрозамі маральнага і псіхалагічнага ціску. Таксама ён паказвае на тое, што, на ягоную думку, прамых доказаў віны Ігара Аліневіча ў следчых не было, таму яны схілялі яго да дачы заведама ілжывых паказанняў.

14 снежня 2010 года Дзяніс Быстрык пакінуў тэрыторыю Беларусі пасля таго, як супрацоўнікі КДБ паспрабавалі шляхам пагроз прымусіць яго прыняць удзел у здымках прапагандысцкага фільма «Анархія. Прамое дзеянне», пазней паказанага па беларускім тэлебачанні.

Апошнія навіны