Ці пагадзіцца Пуцін «разруліць» канфлікт Менска і Бруселя?
- 5.04.2012, 16:56
Падводзіць нейкія вынікі дыпламатычнага канфлікту паміж Беларуссю і ЕЗ відавочна заўчасна.
«Абодва бакі застаюцца на сваіх ранейшых пазіцыях», - пракаментаваў заяву Лукашэнкі аб «выбарачным» вяртанні амбасадараў палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.
Па ягоных словах, абраная тактыка па выбары амбасадараў - каго чакаюць тут, а каго не - «больш чым дзіўная», паведамляе camarade.biz.
«Няма бачных падставаў меркаваць, што будзе парушаная салідарнасць ЕЗ у дачыненні да афіцыйнага Менска наконт амбасадараў. Акрамя гэтага, з вялікай ступенню верагоднасці можна прагназаваць рэзка адмоўную рэакцыю ведамства Кэтрын Эштан на такое разуменне, то бок ягоную адсутнасць, не толькі ў Бруселі, але і іншых сталіцах краін ЕЗ», - падкрэсліў палітаглядальнік.
Ён перакананы, што «справа ўсё больш выразна ідзе да ўцягвання ў канфлікт Масквы ў якасці пасярэдніка». «Пытанне: ці захоча Уладзімір Пуцін ім быць? Не відавочна. Яму сёння сірыйскіх і цэнтральнаазіяцкіх клопатаў на міжнароднай арэне хапае», - рэзюмаваў Раман Якаўлеўскі.