Лукашэнка прывязаў «ланцужных сабак» да дома?
- 6.04.2012, 10:21
Беларускія ўлады працягваюць нагнятаць абстаноўку ў Беларусі і прымаць дзіўныя рашэнні.
Як паведамілі «Беларускаму партызану» супрацоўнікі розных праваахоўных органаў, у прыватнасці: пракуратуры, МУС і КДБ, - ім забаронена зараз выязджаць у краіны Еўразвяза. І нават у Турцыю і Егіпет.
Рашэнне аб забароне супрацоўнікам спецслужбаў пакідаць межы Беларусі нібыта было прынятае Лукашэнкам. У КДБ і МУС ужо выдадзеныя адпаведныя ўнутрыведамасныя загады. Па МУС загад падпісаў в.а. міністра МУС Ігар Шуневіч, бо Анатоль Куляшоў, як кажуць, знаходзіцца зараз на бальнічным. Адпаведны дакумент па КДБ падпісаў Вадзім Зайцаў.
У гэтых загадах стаіць указанне «часова абмежаваць выезд усіх супрацоўнікаў». Загады пад грыфам «для службовага карыстання» і распаўсюджаны толькі сярод кіраўнікоў цэнтральных апаратаў, а таксама ў галінах. Загады даведзеныя да тых начальнікаў, якія надзелены правам прымаць такія рашэнні ў дачыненні да сваіх падначаленых. Але факт забароны выезду за мяжу ўжо і не сакрэт для супрацоўнікаў.
Вядома, і раней пры выездзе за мяжу супрацоўнік МУС ці КДБ павінен быў узгадніць гэта са сваім начальнікам. Ён пісаў рапарт і праходзіў пэўную працэдуру. Але зараз уведзеная поўная забарона і не адзін рапарт не падпісваецца.