БХД паскардзіцца ў ААН на Вярхоўны суд
- 9.04.2012, 15:02
Нерэгістрацыю партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) ініцыятары яе стварэння абскардзяць у Камітэце па правах чалавека ААН (КПЧ ААН).
Пра гэта паведаміў 9 красавіка на прэс-канферэнцыі сустаршыня аргкамітэта па стварэнні БХД, былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Віталь Рымашэўскі.
Як раней паведамляў БелаПАН, Вярхоўны суд Беларусі адмовіўся прыняць да разгляду скаргу аргкамітэта БХД у дачыненні да Мінюста аб нерэгістрацыі партыі. «Мы пададзім скаргу ў парадку нагляду старшыні Вярхоўнага суда. Але мы і так ведаем, што скардзіцца на Вярхоўны суд ягонаму старшыні - справа бессэнсоўная. Таму мы будзем рыхтаваць скаргу ў КПЧ ААН аб парушэнні правоў грамадзянаў на свабоду асацыяцый», - сказаў Рымашэўскі.
Па ягоных словах, зараз Беларусі, як ніколі, патрэбныя добрыя адносіны з Еўразвязам. «Нам трэба выплачваць шматмільённыя крэдыты. І вердыкт КПЧ ААН будзе толькі чарговым рычагом уздзеяння на беларускія ўлады. Ніхто не захоча зноў выдаваць крэдыты ненадзейнаму партнёру», - адзначыў Рымашэўскі.
Пры гэтым ён адзначыў, што скарга будзе пададзеная калектыўная. «Мы ведаем, што разгляд спраў у КПЧ ААН можа доўжыцца месяцамі, і нават гадамі. Але ў дачыненні да Беларусі - іншая тэма. Па-першае, там скаргі беларускіх грамадзянаў разглядаюць больш хутка. Па-другое, калектыўная скарга разглядаецца яшчэ больш хутка. І як толькі мы атрымаем адказ ад старшыні Вярхоўнага суда аб адмове ў нашай скарзе, то адразу ж пададзім пазоў у КПЧ ААН», - сказаў Рымашэўскі.
Першая спроба рэгістрацыі БХД была прадпрынятая ў 2009 годзе, яшчэ дзве - у 2010-м, чацвёртая - у 2011-м. Спробы абскардзіць адмовы ў рэгістрацыі ў беларускіх судах былі безвыніковымі.