Дзве гомельскія школьніцы спрабавалі здзейсніць самазабойства
- 10.05.2012, 12:09
У Гомелі 2 школьніцы спрабавалі скончыць жыццё самагубствам, маючы намер саскочыць з моста.
Ад гібелі дзяўчат выратавалі супрацоўнікі падпаддзялення міліцыі спецыяльнага прызначэння палка ППСМ УУС Гомельскага аблвыканкама і Навабеліцкага аддзела Дэпартамента аховы МУС, паведамляе сайт МУС Беларусі.
9 мая а восьмай гадзіне вечара ў аператыўна-дзяжурную службу УУС Гомельскага аблвыканкама паступіла паведамленне аб тым, што на вуліцы Фрунзэ ў Гомелі дзве дзяўчыны збіраюцца скокнуць з аўтамабільнага моста праз раку Сож. Літаральна на працягу пяці хвілін туды прыбылі супрацоўнікі падпаддзялення міліцыі.
Пад'язджаючы да моста, ахоўнікі правапарадку ўбачылі, што адна дзяўчына ўжо скокнула ў раку. У ваду ўслед кінуліся адразу тры супрацоўнікі МУС.
Ёй дапамаглі даплысці да берага і перадалі брыгадзе хуткай дапамогі (з дыягназам «пераахаладжэнне» яна была дастаўлена ў лякарню). Дзяўчыну, якая засталася на мосце, байцы ПМСП пераканалі не скакаць у ваду.
«Па папярэдніх дадзеных, рашэнне абедзвюх дзесяцікласніц адной з гомельскіх школ звесці рахункі з жыццём было выкліканае праблемамі асабістага характару: у адной сапсаваліся адносіны з хлопцам, у другой нядаўна памерла сяброўка», - адзначаюць у МУС.
Па словах намесніка начальніка ўпраўлення аховы правапарадку МУС Зміцера Кур'яна, у цяперашні час рыхтуюцца дакументы на ўзнагароджанне супрацоўнікаў.