МЗС не пакідае спроб вызваліць беларускіх наймітаў
- 10.05.2012, 14:06
Беларускія дыпламаты працягваюць дамагацца вызвалення арыштаваных у Лівіі грамадзянаў Беларусі.
Пра гэта паведаміў БелаПАН прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных.
Ён не змог пацвердзіць інфармацыю аб тым, што арыштаваныя ў Лівіі грамадзяне Беларусі, Расеі і Украіны звярнуліся да кіраўнікоў сваіх краін з просьбай умяшацца ў сітуацыю. Паводле прэс-сакратара, супрацоўнікі беларускай амбасады ў Лівіі апошні раз сустракаліся з арыштаванымі беларусамі 7 мая. «На той момант якой-небудзь інфармацыі аб звароце не паступала. Нашыя дыпламаты працягваюць дамагацца вызвалення нашых грамадзянаў і хуткага іх вяртання на радзіму», - сказаў Савіных.
Нагадаем, судовы працэс над трыма затрыманымі ў Лівіі беларусамі, двума расейцамі і 19 украінцамі, якія абвінавачваюцца ва ўдзеле ў ваенных дзеяннях на баку былога лівійскага кіраўніка Муамара Кадафі, пачаўся 9 красавіка. МЗС Беларусі заявіў, што абвінавачванне ў дачыненні да беларускіх грамадзянаў не адпавядае рэчаіснасці. Паводле МЗС, беларусы прыехалі ў Лівію па кантракце для працы на грамадзянскіх аб'ектах і былі арыштаваныя адразу пасля перасячэння мяжы разам з грамадзянамі Расеі і Украіны.
Раней у замежнай прэсе неаднаразова з'яўляліся паведамленні са спасылкай на крыніцы ў пераходным нацыянальным савеце Лівіі аб тым, што сярод замежных наймітаў, якія ваююць на баку Муамара Кадафі, былі беларускія грамадзяне. Афіцыйны Менск аспрэчваў інфармацыю аб прысутнасці ў Лівіі ваенных спецыялістаў з Беларусі. Аднак незалежныя эксперты не выключалі, што найміты з Беларусі, у тым ліку былыя ваенныя спецыялісты, маглі знаходзіцца ў Лівіі ў прыватным парадку.