BE RU EN

Падаткавікі патрабуюць ад апазіцыянеркі справаздачу па прыбытках за 10 гадоў

  • 11.05.2012, 11:41

Ірына Яскевіч, віцебская актывістка прадпрымальніцкага руху, атрымала загад падатковай інспекцыі: падаць дэкларацыю аб прыбытках за 10 апошніх гадоў.

Ірына, якая з'яўляецца таксама арганізатарам «Народных сходаў», апытала калегаў па прадпрымальніцкай справе і высветліла, што падобных праверак не праводзілі яшчэ нікому, піша ПЦ «Вясна».

«Я не абавязана захоўваць дакументы на працягу 10 гадоў. Па маім прадпрымальніцтве паперы захоўваюцца тры гады, так патрабуе заканадаўства. Да 2008 года я была прыватным прадпрымальнікам, потым перарэгістравалася ў прыватнае ўнітарнае прадпрыемства… Ды я не памятаю нават, колькі нулёў было на грашовых знаках 10 год таму, а ад мяне патрабуюць згадаць, колькі тады каштавалі квіткі да Вільні ці да Кіева, і адкуль у мяне былі грошы на паездкі», -- кажа Ірына Яскевіч.

Актывістка запыталася, чым выклікана такая цікаўнасць да яе асобы. Паводле яе словаў, у інспекцыі сказалі, што гэта чыстая выпадковасць – маўляў, вырашылі правесці праверку, і выбар выпаў на яе. Дарэчы, дэкларацыю пра прыбыткі за апошнія 10 год запатрабавалі і ад сына Ірыны:

«Мне кажуць, нібыта мае прыбыткі не пакрываюць выдаткаў. Прычым сказалі, што сума выдаткаў іх не цікавіць: яны рабілі запыты, колькі разоў і калі я перасякала мяжу, у іх ёсць звесткі, прыкладам, колькі я плачу за тэлефонныя перамовы ў сетцы МТС… Зараз я мушу збіраць патрэбныя дакументы».

Прадпрымальніца просіць працягнуць тэрмін падачы дэкларацыі на 3 месяцы. Бо згадаць свае прыбыткі за 10 год – справа цяжкая.

Ірына Яскевіч шмат гадоў актыўна займаецца грамадска-палітычнай дзейнасцю, яна сябра АГП, у 2008 годзе брала ўдзел у парламенцкіх выбарах. У 2009-2010 гг. спрабавала стварыць рэспубліканскі прадпрымальніцкі прафсаюз «Разам», які Мінюст адмовіўся рэгістраваць. У 2011 годзе Ірына Яскевіч стала старшынёй віцебскага абласнога аргамітэту па правядзенні Народных сходаў. Паводле рашэння Кастрычніцкага райсуду Віцебска, 8 кастрычніка 2011 года была аштрафаваная на 22 базавыя велічыні «за правядзенне несанкцыянаванай акцыі», і аспрэчыць гэтае рашэнне ў абласным судзе не ўдалося.

Апошнія навіны