BE RU EN

На адкрыццё помніка Каліноўскаму ў Гродне надзей няма

  • 11.05.2012, 13:28

Гарадзенскія актывісты «Маладога фронту» атрымалі адказ з гарвыканкама на сваю прапанову ўсталяваць помнік Кастусю Каліноўскаму ў абласным цэнтры.

Адкрыццё помніка, па задумцы маладых людзей, павіннае было быць прымеркаванае да 150-й гадавіны паўстання 1863-га года, перадае «Радыё Свабода».

Чыноўнікі пішуць, што «мерапрыемствы, прысвечаныя 150-гадоваму юбілею паўстання 1863 года, знаходзяцца ў стадыі распрацоўкі».

Паводле актывіста «Маладога фронту» Алеся Кіркевіча, у адказе з гарвыканкама няма ні аднаго канкрэтнага слова з нагоды ўсталявання помніка Кастусю Каліноўскаму ў Гродне. Замест гэтага чыноўнікі рапартуюць аб тым, што на 2012-2013 гады ў горадзе «рэалізоўваюцца мерапрыемствы па ўсталяванні бюста М.Багдановічу».

Нагадаем, што яшчэ ў 1988 годзе, калі ў Гродне адзначалі 150-ю гадавіну нараджэння Кастуся Каліноўскага, ЦК Камуністычнай партыі Беларусі пры падтрымцы Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта пастанавіў ушанаваць памяць Кастуся Каліноўскага помнікам герою і некалькімі памятнымі таблічкамі.

У выніку з'явілася толькі адна таблічка - на будынку Гродзенскага чыгуначнага вакзала. А помнік, на які нават правялі конкурс і абралі для яго месца (каля Дома Прафсаюзаў), так і не з'явіўся.

Апошнія навіны